Арганізатары „Чарнобыльскага шляху” закрануць праблему шкодных прадпрыемстваў



Застаецца год да запуску Астравецкай атамнай электрастанцыі. Падчас сёлетняга „Чарнобыльскага шляху” будзе пастаўлена пытанне аб недапушчальнасці запуску і патрабаванне прыпынення будаўніцтва. Гэтым разам акцыя набыла большы экалагічны напрамак, увага звяртаецца таксама на праблему іншых шкодных прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца у Беларусі

Кажа старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева: 

– Трэба казаць пра тое, што ў нас ёсць рэальная, канкрэтная альтэрнатыва, фактычна ў лічбах пралічаная. І гэты пераход на ўзнаўляльную энергетыку зараз для Беларусі быў бы адзіным і палітычна, і эканамічна ўзважаным крокам. І гэта пытанне выбара будучыні на вельмі доўгія гады. Ці будзе Беларусь еўрапейскай краінай, якая ідзе разам з цывілізаваным светам, ці Беларусь будзе адсталай краінай, якая будзе выкарыстоўваць тэхналогіі сярэдзіны мінулага стагоддзя, спрабаваць развіваць цяжкую прамысловасць, якая ўжо адыходзіць у мінулае паўсюль. І потым яшчэ доўгія гады разграбаць наступствы вось гэтых памылак і гэтага глупства, якое можа быць створана зараз.

26 красавіка а 18:30 пачнецца шэсце па маршруце праспект Незалежнасці – Сурганава – Арлоўская да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля». Паміж 20:00-20:30 тут пройдзе малітва-мітынг. 

Менгарвыканкам дазволіў таксама Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ правесці 26 красавіка мітынг у Кіеўскім скверы, ён пачнецца а 18-й гадзіне. Арганізатары мітынгу сканцэнтруюць увагу на ўвядзенні ў абарот новых забруджаных плошчаў зямлі, непасрэдна на Чарнобылі.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя