Арганізатары Дня Волі ў Менску адмовіліся ад аплаты паслуг міліцыі
Пра гэта паведаміў старшыня Руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч. Па яго словах, неабходнасць аплаты сумнеўныя з пункту гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі ўдзельнікі Дня Волі аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы мелі законнае права. Але ў арганізатараў ёсць таксама шэраг пытанняў да міліцыянтаў.
– Па-першае, з тэрыторыі самой пляцоўкі, якая была абнесена плотам і ўсе ўваходы і выхады з яе ахоўваліся, адбылося скраданне людзей невядомымі асобамі ў цывільным, без нейкіх апазнавальных знакаў, без прад’яўлення пасведчанняў. Нічога не тлумачачы, яны падхапілі і выцягнулі Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага. І ўся нашая спроба апеляваць да міліцыянтаў у форме, каб яны адрэагавалі на гэты інцыдэнт, або прынамсі адказалі нам, хто ў іх галоўны, да каго можна звяртацца, засталася без адказаў.
Таксама са слоў Юрыя Губарэвіча, міліцыянты бралі на сябе неўласцівыя і не падпісаныя ў дамове абавязкі падчас працы ў Кіеўскім скверы, дзе 24 сакавіка прайшлі мітынг і канцэрт, прысвечаныя 101-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
– Забаранялі людзям выходзіць за межы тэрыторыі з бел-чырвона-белым сцягам, хаця выкарыстанне яго публічна ніякімі нарматыўнымі актамі не абмежавана, ні крымінальным, ні адміністрацыйным кодэксам. Атрымліваецца, што мы павінны плаціць за тое, што рабілася не ў адпаведнасці з дамовай.
Трэцяя прэтэнзія — „маніпуляцыя з лічбай удзельнікаў”. Паводле міліцыянтаў, сабралася да паўтары тысячы чалавек, але арганізатары з гэтым не згодныя. Заяўнікі перадалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў гарвыканкама пісьмовую прэтэнзію аб скасаванні дамовы і не выключаюць, што спатрэбіцца звяртацца па гэтай справе ў суд.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя