Арганізатары гомельскіх „маршаў недармаедаў” плануюць акцыю да 1 мая
Арганізатары гомельскіх „маршаў недармаедаў” плануюць акцыю да 1 мая. Дэмакратычныя актывісты намераныя працягваць барацьбу за поўнае скасаванне Дэкрэта №3.
Гамяльчук Віктар Рубцоў заўважае, што пасля фазы палітычнай актыўнасці ў лютым і сакавіку беларусы часова супакоіліся.
— Цяпер вялікі спад актыўнасці. Чаму я хачу 1 мая? Мы проста пададзім заяўку і апішам прынамсі тое, што мы падалі заяўку. І будзем глядзець на рэакцыю людзей. Калі будзе рэакцыя, якая пойдзе з мас, кшталту: «Давайце, давайце, будзем выходзіць». І тады ў нас будзе момант, каб у гэтую масу высунуць нейкія лозунгі і праводзіць шэсце. Бо перад тым як прымаць рашэнне, праманіторыць, наколькі гэта падтрымліваецца.
На пасяджэнні гомельскага Камітэта Руху за скасаванне Дэкрэта №3 было вырашана накіраваць лісты да выканаўчых уладаў і афіцыйных прафсаюзаў з прапановай правесці супольнае мерапрыемства на плошчы Леніна. Канчатковы фармат першамайскай акцыі будзе вызначаны 18 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель