Арганізатары святкавання Дня Волі на стадыёне „Дынама” падалі новую заяўку



Арганізатары святкавання Дня Волі на менскім стадыёне „Дынама” плануюць падаць новую заяўку з двума сцэнарыямі, паведаміў у сваім „Тэлеграм”-канале суарганізатар мерапрыемстваў Эдуард Пальчыс.

Гэта будзе „шэсце і свята каля пляцоўкі блізу Палаца спорту або шэсце і святкаванне на плошчы Свабоды”, напісаў Пальчыс.

Інфармацыю пра падачу заяўкі карэспандэнту БелаПАН пацвердзіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

„Мы падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам. Прапанавалі два варыянты маршруту: збор і шэсце ад плошчы Свабоды да Палаца спорту, там — правядзенне мітынгу-канцэрта, альбо наадварот”, — паведаміў Кастусёў.

Паводле яго слоў, меркаваная колькасць удзельнікаў — 30 тысяч. Лідар Партыі БНФ адзначыў, што ў арганізатараў ёсць планы на выпадак поўнай забароны святкавання.

„Прапанова святкаваць на плошчы Бангалор нас таксама не задавальняе, мы тады (пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам”. — БелаПАН.) адразу сабралі арганізатараў і заяўнікаў і сышліся на гэтых варыянтах. Ёсць і „план Х”, бо свята, прысвечанае 101-м угодкам БНР, беларусы павінны адсвяткаваць у любым выпадку”, — дадаў Кастусёў.

16 студзеня прадстаўнікі Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба” падалі заяўку на правядзенне 24 сакавіка на стадыёне „Дынама” масавага мерапрыемства, прысвечанага 101-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 сакавіка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не падтрымлівае святкаванне на стадыёне „Дынама” і прапанаваў плошчу Бангалор. „Не марнуйце нервы, не ідзіце на канфрантацыю, таму што пасля гэтага пачнуцца нейкія рухі. Давайце збірацца на Бангалоры. Стагоддзе (абвяшчэння БНР. — БелаПАН.), вялікі этап, — адсвяткавалі. Давайце святкаваць у тых месцах, у якіх гэта належыць”, — сказаў ён.

„Навошта вы лезеце на стадыён „Дынама”? Вы ведаеце, гэта нават асабістая абраза. Вы ведаеце, колькі я ўклаў туды, у рэканструкцыю стадыёна, збіраючы па драбках грошы, націскаючы на прадпрымальнікаў, бюджэт выдзяляў — падрыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў. Усяму свету прадэманструем ! А вы ўжо лезеце на гэты стадыён „Дынама”, калі ёсць месца для правядзення падобных акцый”, — дадаў Лукашэнка.

У 2018 годзе святочныя мерапрыемствы каля опернага тэатра ў сталіцы ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР, паводле ацэнак арганізатараў, сабралі да 50 тыс. чалавек.

БелаПАН