Аргкамітэт „Астравецкага шляху”: Гэта будзе пратэстная акцыя



„Астравецкі шлях” будзе пратэстнай акцыяй, заявілі 14 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікі аргкамітэта па правядзенні мерапрыемства.

Нагадаем, аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху”, які традыцыйна праводзіцца 26 красавіка, вырашыў ладзіць акцыі кожны месяц 26-га чысла ў гарадах, размешчаных паміж Менскам і Астраўцом: Заслаўі, Радашковічах, Маладзечне, Вілейцы, Смаргоні, Ашмянах. Завяршыцца гэта серыя акцый павінна 26 лістапада ў Астраўцы.

У Заслаўі, у якім заяўка на правядзенне мерапрыемства ўжо пададзеная, плануецца правесці акцыю з 12 да 15 гадзін. Заяўка пададзеная ад імя намесніка старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрыя Кучука і міжнароднага сакратара руху салідарнасці „Разам” Ігара Лялькова.

„Астравецкі шлях” — гэта пратэстная акцыя, накіраваная супраць будаўніцтва атамнай станцыі, — заявіў Кучук. — Таксама мы хочам падняць мясцовыя праблемы: у межах горада ёсць палігон цвёрдых бытавых адходаў, які ўплывае на здароўе жыхароў горада. Акрамя таго, жыхары горада скардзяцца на якасць пітной вады”.

На думку Лялькова, атамная станцыя „будуецца па досыць эксперыментальным праекце”. Акрамя таго, сказаў ён, „не зразумела, якім будзе эканамічны эфект ад гэтага будаўніцтва”.

„Мы выступаем за тое, каб будаўніцтва АЭС было спынена. Гэта асноўнае патрабаванне „Астравецкага шляху”. Пры гэтым мы заклікаем улады да дыялогу, каб разам кантраляваць экалагічную сітуацыю ў рэгіёне”, — падкрэсліў Лялькоў.

Палітык таксама адзначыў, што, калі ў Заслаўі акцыя не будзе афіцыйна дазволена, „будзе iншая форма яе правядзення”. „Мерапрыемства будзе праведзена ў любым выпадку”, — дадаў ён.

У аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” сёлета ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Прадстаўнікі гэтых арганізацый з’яўляюцца адказнымі за правядзенне „Астравецкага шляху” ў розных гарадах.

Як паведамлялася, у дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца быў складзены адміністрацыйны пратакол за тое, што ён 26 красавіка ў Мінску падчас традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” заклікаў да правядзення акцыі „Астравецкі шлях”.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа