Аргкамітэт Дня Волі плануе правесці выставу і прыём да гадавіны абвяшчэння БНР
Акрамя „Свята Незалежнасці” ў Менску 24 сакавіка аргкамітэт па святкаванні Дня Волі плануе правесці літаратурна-гістарычную выставу і ўрачысты прыём, прысвечаны 101-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рашэнне пра гэта прынята 5 лютага на пасяджэнні аргкамітэта.
Выстава можа пачаць працу ў канцы лютага або пачатку сакавіка. У якасці асноўнай пляцоўкі для яе правядзення разглядаецца бар на вул. Валадарскага, 7, дзе размешчана памятная дошка ў гонар стагоддзя БНР. Яе планавалася ўстанавіць на суседнім будынку, аднак сталічныя ўлады, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць, да гэтага часу не зрабілі гэтага.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Костусеў паведаміў, што рашэнні улад аб дазволе або забароне святкавання 24 сакавіка пакуль няма. „З размоў з гарвыканкамам — яны не супраць. Але пакуль яшчэ адказу афіцыйнага няма. Спадзяюся, што дазвол дадуць, хоць гарантый, як заўсёды, няма, — адзначыў ён. — Цяпер ідзе збор сродкаў. У сувязі з тым, што прынята рашэнне ўрада аб цэнах правядзення масавых мерапрыемстваў, давядзецца аплачваць і міліцыю, і паслугі хуткай дапамогі. Але ў мінулым годзе шматлікія паслугі былі аказаны нам бясплатна”.
Заяўка на правядзенне 24 сакавіка на стадыёне „Дынама” масавых мерапрыемстваў з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі была пададзеная 16 студзеня ад імя Партыі БНФ і культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба”. 4 лютага члены аргкамітэта свята накіравалі ўладам зварот з заклікам годна адсвяткаваць гадавіну абвяшчэння БНР. Дакумент і яго копіі за подпісам васьмі членаў аргкамітэта перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, урад, а таксама Мінгарвыканкам.
Гэта не адзінае мерапрыемства, якое да гадавіны абвяшчэння БНР арганізуюць дэмсілы. Тры палітычныя арганізацыі — БСДП (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух „За Свабоду” — 28 студзеня падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка на пляцоўцы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета мітынгу, прымеркаванага да Дня Волі.
У 2018 годзе святочныя мерапрыемствы каля опернага тэатра ў сталіцы ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР, паводле ацэнак арганізатараў, сабралі да 50 тыс. чалавек.