Аргкамітэт: Дзень Волі павінен святкавацца на цэнтральных плошчах
Вулічная акцыя з нагоды Дня Волі 25 сакавіка павінна святкавацца на цэнтральных плошчах Менска. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў аргкамітэта Дня Волі.
У аргкамітэт уваходзяць прадстаўнікі руху „За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), руху салідарнасці „Разам”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі БНФ.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заклікаў улады зрабіць 25 сакавіка нацыянальным святам — Днём нацыянальнага адзінства. „Не толькі грамадства, але і ўлады павінны аб’яднацца ў гэты дзень на аснове каштоўнасцяў незалежнасці і суверэнітэту беларускай нацыі”, — лічыць ён.
Палітык паведаміў пра сустрэчу членаў аргкамітэта Дня Волі з прадстаўнікамі Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК створаны ў маі 2016 года па ініцыятыве групы грамадскіх і палітычных дзеячаў з мэтай кансалідацыі апазіцыі). Паводле слоў Рымашэўскага, БНК паабяцаў да 8 сакавіка вызначыцца з нагоды магчымага далучэння да аргкамітэта, каб сумесна каардынаваць правядзенне вулічных акцый.
Старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч падкрэсліў важнасць сумеснай каардынацыі мерапрыемстваў з удзелам вялікай колькасці людзей. „Патэнцыял пратэсту ў Беларусі ёсць, але ён не павінен быць прыватызаваны адной структурай або асобай. Толькі каардынацыя ўсіх арганізацый можа даць эфект”, — заявіў Губарэвіч.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што апошнім часам у сацыяльныя сеткі ўкідваюцца спробы супрацьпаставіць акцыю 15 сакавіка (супраць дэкрэта аб „дармаедах”) і 25 сакавіка. „Мы ацэньваем гэта як правакацыю з мэтай збіць настроі пратэсту. Мы за тое, каб як мага больш грамадзян прыйшлі як на акцыю 15 сакавіка, так і на акцыю 25 сакавіка”, — сказаў ён.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч назваў недапушчальным супрацьпастаўленне сацыяльнага і нацыянальнага пратэсту. „Тыя, хто незадаволеныя сацыяльнай палітыкай, я ўпэўнены, далучацца і да нацыянальнага пратэсту ў Дзень Волі”, — зазначыў палітык.
Паводле слоў Янукевіча, акцыі 15 і 25 сакавіка, якія ўжо заяўленыя, і традыцыйны „Чарнобыльскі шлях”, які плануецца правесці 26 красавіка, могуць стаць не апошнімі гэтай вясной. „Калі трэба, будуць прызначаныя і іншыя даты акцый пратэсту”, — дадаў ён.
Намеснік старшыні руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая адзначыла, што акцыі 25 сакавіка пройдуць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, у прыватнасці ў Польшчы, Чэхіі, Украіне.
Заяўка на правядзенне 15 сакавіка акцыі супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” была пададзеная ў Менгарвыканкам 30 студзеня. Аргкамітэт прасіў дазволіць мерапрыемствы ў выглядзе шэсця ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. Пры гэтым у аргкамітэце ўжо заявілі, што пакідаюць за сабой права змяніць маршрут шэсця без узгаднення з менскімі ўладамі.
Заяўка на правядзенне акцыі 25 сакавіка (у гонар чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе) першы раз падавалася ў Менгарвыканкам 6 студзеня, аднак тады яе не задаволілі. Паўторна заяўка была пададзеная 8 лютага, адказ на яе пакуль не атрыманы. У абодвух выпадках аргкамітэт прасіў дазволіць збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.
Заяўка не правядзенне 26 красавіка „Чарнобыльскага шляху” яшчэ не пададзеная.