Марафон „Сэлфі незалежнасці” да 100-годдзя БНР
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі праводзіць марафон „Сэлфі незалежнасці”.
Марафон пачаўся 3 лютага, за 50 дзён да юбілею абвяшчэння БНР (25 сакавіка). Удзельнікі акцыі маюць намер кожны дзень збірацца ля дамоў па праспекце Незалежнасці — ад нумара 50 на плошчы Якуба Коласа да нумара 1.
3 лютага акцыя пачалася ля дома 50 па праспекце Незалежнасці, дзе знаходзіцца Беларуская дзяржаўная філармонія. Арганізатары мерапрыемства падкрэсліваюць, што гэта не вулічнае мерапрыемства, а сумесны здымак, а таму для яго не патрабуецца дазвол сталічных уладаў.
Мерапрыемства, як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, здымалі пяць супрацоўнікаў міліцыі. „Нас было 12 удзельнікаў, мы сфатаграфаваліся каля філармоніі, правялі шоу, на якім задаваліся пытанні пра гісторыю БНР. Тром пераможцам уручаныя прызы — календары дат, звязаных з дзейнасцю БНР”, — сказаў ён.
Затым удзельнікі сфатаграфаваліся на другім баку праспекта Незалежнасці, ля помніка Якубу Коласу. „На наступныя сэлфі мы плануем запрашаць зорак: дэпутатаў, якія ў 1990-х гадах прагаласавалі за незалежнасць Беларусі, пісьменнікаў, музыкантаў, палітыкаў. Сярод іх Зміцер Дашкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў”, — паведаміў Севярынец.
Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка, у Дзень Волі, была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі (Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”).
Актывісты апазіцыі просяць Мінгарвыканкам дазволіць правесці 25 сакавіка не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.
Дзень Волі адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.
belapan.by