“Берасце 1941: Пошук. Сутнасць. Памяць” (абноўлена)



Напярэдадні 75-й гадавіны нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у Берасці завяршылася двухдзённая ваенна-гістарычная канферэнцыя “Берасце 1941: Пошук. Сутнасць. Памяць”.

На ёй прэзентавалі даследаванні і абмеркавалі актуальныя праблемы гісторыі абароны Берасцейскай крэпасці. Вынікі падсумоўвае мадэратар мерапрыемства, гісторык Аляксандр Сувораў:

– Зроблены вялікі крок. Маем шмат новай інфармацыі. Многія прыехалі здалёк. Адбылася даволі змястоўная неканфліктная размова. Мы проста высвятлялі дэталі, абменьваліся інфармацыяй. Я спадзяюся, што гэта будзе вялікі ўклад у стварэнне агульнай панарамы.

У канферэнцыі ўдзельнічалі даследчыкі з Расеі, Беларусі і Нямеччыны. Большасць прэзентаваных імі вынікаў даследаванняў не супадае з афіцыйнай версіяй гісторыі першых дзён вайны, у тым ліку і ў крэпасці. Госці канферэнцыі спадзяюцца, што ў будучыні праўда пра гэты перыяд вайны будзе даступная шырэйшаму колу людзей.

* * *

Адрознай ад афіцыйнай версіі абароны Берасцейскай крэпасці падзяліўся нямецкі даследчык і гісторык Крысціян Ганцэр, які прымае ўдзел у ваенна-гістарычнай канферэнцыі “Берасце 1941: Пошук. Сутнасць. Памяць”. Раней даследчык апублікаваў кнігу па выніках сваёй працы, за якую ў свой час атрымаў крытыку ў свой адрас з боку супрацоўнікаў мемарыялу:

– Я даследаваў розныя цэнтральныя моманты. Яны вельмі адрозніваюцца. Гэта, напрыклад, працягласць абароны Берасцейскай крэпасці. Паводле афіцыйнай версіі, гэта 32 дні. А паводле маіх даследаванняў, гэта 8 дзён. Другі цэнтральны момант тычыцца палонных. У афіцыйным наратыве абароны Берасцейскай крэпасці гучыць так: усе змагаліся да апошняга патрона. Я мог даволі падрабязна даказваць, колькі патрапіла ў палон. І гэта прыблізна 6800 чалавек, або 75%.

Акрамя Ганцэра, у канферэнцыі прымаюць удзел гісторыкі з Расеі і Беларусі, але ў адсутнасці афіцыйных прадстаўнікоў таго ж музея крэпасці.

* * *

Беларускія, расейскія і нямецкія даследчыкі ў гэтыя дні дыскутуюць аб абароне Берасцейскай крэпасці. Напярэдадні 75-х угодкаў гэтай падзеі арганізавалі двухдзённую канферэнцыю пад назвай “Берасце 1941: Пошук. Сутнасць. Памяць”. Сваімі ўражаннямі ад першага дня навуковай сустрэчы дзеліцца расейскі даследчык Расціслаў Аліеў:

– Даведаўся пра новыя факты, пазнаёміўся з новымі людзьмі. Павінны былі, напэўна, сабрацца ў мемарыяльным комплексе “Берасцейская крэпасць – герой”. У прэзідыуме павінны б былі сядзець кіраўнікі гэтага комплексу і быць мадэратарамі гэтай дыскусіі. На жаль, гэтага не адбываецца. Таму вымушаны былі сабрацца самастойна, каб мець магчымасць пагутарыць.

21 чэрвеня ў рамках канферэнцыі пройдзе дыскусія па выніках прадстаўленых матэрыялаў. Уваход на мерапрыемства, якое праходзіць у Берасцейскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна, вольны. Пачатак а 10-й гадзіне.

* * *

“Берасце 1941: Пошук. Сутнасць. Памяць”. У канферэнц-залі Берасцейскай цэнтральнай гарадской бібіліятэкі імя Пушкіна адбываецца міжнародная ваенна-гістарычная канферэнцыя. Мерапрыемства прымеркавана да 75-ых угодкаў абароны Берасцейскай крэпасці, з якой пачалася вайна Нямеччыны супраць Савецкага Саюза.

„Даклады і прэзентацыі ўдзельнікаў з Расеі, Беларусі і Нямеччыны не заўжды супадаюць з афіцыйнай версіяй прынятай у некаторых краінах Усходняй Еўропы,” – зазначае даследчык і гісторык Аляксандр Сувораў.

– Ніхта не замахваецца на нейкія асновы. Мы зыходзім з таго, што подзвіг і мужнасць мелі месца на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці 22 чэрвеня 1941 года і ўвесь той час, пакуль доўжыліся актыўныя баявые дзеянні. Пытанне ў іншым, на жаль, у савецкую эпоху выйшла шмат наносаў на гэтую тэму. Была і палітычная кан’юктура. Шмат прычынаў на самой справе. Так разумелася героіка-выхаваўчая праца. Адбылася гіпербалізацыю многіх сітуацый.

Канферэнцыя у гарадской бібліятэцы працягнецца два дні, уваход на яе вольны. Акрамя прэзентацый і дакладаў навукоўцы і даследчыкі правядуць дыскусіі па актуальных праблемах, звязаных з гісторыяй абароны крэпасці.

* * *

«Беларускую афіцыйную гісторыю трэба істотна пераасэнсаваць, – лічаць у выдавецтве “Arche”. – У гэтай гісторыі шмат непраўдзівых герояў, фактаў і проста падману».

брэст_крэпасць

Сёлета “Arche” выдала кнігу “Брэст. Лета 1941 г. Дакументы. Матэрыялы. Фатаграфіі”. Гэта добрая крыніца, якую варта абмеркаваць на канферэнцыі ў Берасці, кажа галоўны рэдактар часопіса “Arche” Валер Булгакаў:

У Берасці ў панядзелак-аўторак будзе праходзіць канферэнцыя па Берасцейскай крэпасці, яе абароне ў 1941 годзе. Сярод даследчыкаў Берасцейскай крэпасці будзе прысутнічаць Крысціян Ганцер з Нямеччыны.

Нямецкі гісторык Крысціян Ганцер якраз і быў кіраўніком аўтарскага калектыву зборніка “Брэст. Лета 1941”.

Канферэнцыя, якая пройдзе ў Берасці, прымеркавана да 75-х угодкаў абароны Берасцейскай крэпасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота sergey-larenkov.livejournal.com