Археалагічныя раскопкі на берагах Шчары
На берагах Шчары каля вёскі Шылавічы Слонімскага раёна некалькі дзён ужо вядуцца археалагічныя раскопкі, якія праводзяць школьнікі турыстычна-краязнаўчага лагера “Юны археолаг” горада Слоніма (кіраўнік Ірына Радзецкая) разам з навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Алегам Ткачовым і Аляксандрам Максімовічам. Гэта сумесны праект НАН Рэспублікі Беларусь разам з Упраўленнем адукацыі Слонімскага райвыканкама.
Па словах археолагаў, уздоўж правага берага ракі Шчара выяўлены стаянкі каменнага веку і эпохі бронзы. Акрамя таго, на гэты ж бок ракі маюцца некалькі селішчаў з кружальнай керамікай. Да нядаўняга часу ў гэтых мясцінах узвышалася і гарадзішча-сховішча.
Па словах дарослых і юных археолагаў, ужо знойдзены крамянёвыя пласцінкі і часткі крамянёвай зброі эпохі мезаліту і неаліту, выяўлены керамічны сасуд з рысамі ранняславянскага хвалістага арнаменту, рэшткі глінянага посуду, крамянёвы нож і іншыя знаходкі.
Дарэчы, сябры турыстычна-краязнаўчага лагера “Юны археолаг” горада Слоніма ўжо чацвёртае лета разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі займаюцца археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі Слонімшчыны. І за гэты час знойдзена і апісана шмат цікавых знаходак.
[Not a valid template]
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара