Архіепіскап Арцемій: Светлай Пасхальнай радасці і ўсёпераможнай надзеі!
Вялікдзень вернікі праваслаўнай Царквы Беларусі адзначаюць 19-га красавіка. Пярэдадзень і само свята суправаджаюць неспакой і хваляванне жыхароў усёй Еўропы, дзе лютуе пандэмія. Але не варта ўпадаць у адчай.
Надзеяй на Боскую абарону дзеліцца ў сваім слове гарадзенскі ўладыка, Высокапраасвяшчэнны Арцемій, архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі:
– Хрыстос уваскрос! Дарагія браты і сёстры! Шчыра віншую вас з Пасхай Гасподняй! Светлым Хрыстовым Уваскрэшаннем, якое, як кажа нам пра гэта святая Царква, ёсць свята са святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў. Міласцю Божай мы дасягнулі гэтага сапраўды вялікага дня. Праходзячы разам з Царквою праз ачышчальны час Вялікага паста і падзеі Страстнога тыдня, у Пасхальную ноч мы з глыбокай пашанай набліжаемся да раскрытай магілы Хрыста і бачым яе пустою. Са старонак Евангелля чуем мы словы вестуноў Божых – святых Анёлаў, якія абвяшчаюць нам перамогу жыцця над смерцю: “Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут. Ён уваскрос!”
Уваскрэшанне Хрыстовае напаўняе нашае жыццё сэнсам, дае веру ў будучыню. Сёлета Перадпасхальны перыяд вызначаецца глабальным выклікам чалавецтву – распаўсюджваннем у сусветным маштабе згубнай пошасці каронавіруснай інфекцыі, з’яўленне якой мы разглядаем як выпрабаванне нашай веры, нашай чалавечай годнасці. Але часы гісторыі нашай заўсёды былі складаныя. Складаныя яны былі, калі Збаўца хадзіў па гэтай зямлі, як уцялесняны чалавек, і ў наступныя пасля гэтага стагоддзі былі войны, былі страшныя эпідэміі, быў голад, былі няшчасныя і хворыя, былі старыя і нямоглыя. Людзям было страшна. Людзям было складана. Усе яны клікалі Госпада, каб ён пачуў іх і дапамог. Усе людзі спадзяваліся толькі на Бога. Калі мы ад усёй сваёй душы шчыра звяртаемся да Бога, з жаданнем пазбавіцца ад таго ці іншага няшчасця, і шлях гэты праходзім да канца, мы атрымліваем нешта большае – радасць адзінства з Богам, нягледзячы ні на каго і ні на што. Вось чаму так важна было Хрысту паспець да сваёй крыжовай смерці данесці да апосталаў гэту самую галоўную ісціну: адзінства з Богам – гэта шчасце, далучальнасць да Бога – гэта радасць. Дачыненне з Богам – гэта вырашэнне ўсіх нашых праблемаў, якімі б невырашальнымі не здаваліся яны нам. Але для гэтага трэба прайсці да Бога безкарысліва і з чыстым сэрцам. Для гэтага трэба перамяніцца, аднавіцца. Адрадзіцца духоўна.
Віншую ўсіх вас са святам Святой Пасхі Хрыстовай! І малітоўна жадаю вам і вашым блізкім светлай Пасхальнай радасці, усёпераможнай надзеі, моцы душэўных і цялесных сіл! Сапраўды уваскрос Хрыстос!
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня