Архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі павіншаваў вернікаў



Са святам Раства Хрыстовага вернікаў павіншаваў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі:

– У нараджэнні Хрыста адбываецца абнаўленне чалавечай прыроды, не толькі ў тым адзіным нараджэнні, якое адбылося 2000 гадоў таму ў Віфлееме, але і ў тым нараджэнні Хрыста, якое зноў і зноў адбываецца ў нашых душах. Найвялікшы цуд – прышэсце Бога на зямлю ў тым, што адбыўшыся аднойчы ў гісторыі, яно паўтараецца з кожным чалавекам, які прыходзіць да Хрыста. У тую ноч у пячоры сярод хатняй жывёлы нарадзіўся не толькі Хрыстос, але былі народжаны для новага вечанага жыцця пасля ўваскрасення і ўсе мы з вамі. У глыбокім начным маўчанні Слова Божае прыходзіць на зямлю, так і ўвасабляецца яно ў маўклівых глыбінях нашай душы, і незаўважна ад іншых нараджаецца Хрыстос у чалавечай душы. Уступаючы ў новы 2016 год будзем маліцца, каб ён быў мірным і добрым для Святой Царквы Хрыстовай, айчыны нашай і для ўсіх нас. Са святам!

Дадамо, што ў Барысаглебскай царкве ў Гародні пройдзе ўсяночнае трыванне, якое пачнецца сёння а 17-й гадзіне па менскім часе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня