Архірэем Полацкай епархіі прызначаны епіскап Ігнацій



Святы сінод Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) на пасяджэнні 30 жніўня прызначыў архірэем старажытнейшай на беларускай зямлі Полацкай епархіі епіскапа Ігнація, які служыў вікарыем Менскай епархіі.

Адпаведнае рашэнне зафіксаванае ў журнале пасяджэння сінода, апублікаваным на сайце аддзела знешніх царкоўных сувязяў РПЦ.

Члены Святога сінода задаволілі паўторнае прашэнне архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія аб сыходзе ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя і зацвердзілі на яго месца епіскапа Ігнація.

Ігнацій належыць да чорнага духавенства – пасвечаных святароў, якія далі тры манаскія абяцанні: цноты, паслухмянасці і не здабывання. Толькі прадстаўнік чорнага духавенства можа займаць пасады кіраўнікоў у царкве, быць узнятым да епіскапскай ступені святарства і ў выніку быць абраным Маскоўскім патрыярхам.

Летась Ігнація двойчы павышалі ў духоўным сане. Так, на пасяджэнні 15 кастрычніка 2018 года ў Менску Святы сінод РПЦ выбраў ігумена Ігната Луковіча, на той момант клірыка Брэсцкай епархіі, вікарыем Менскай епархіі з тытулам Бараўлянскі. На наступны дзень мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, узвёў Ігната ў сан архімандрыта. Для чорнага манаства гэта найвышэйшы сан другой ступені святарства ў праваслаўі.

Ужо праз дзевяць дзён, 25 кастрычніка, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у троннай зале маскоўскага кафедральнага саборнага храма Хрыста Збавіцеля назваў архімандрыта Ігнація епіскапам Бараўлянскім і вікарыем Менскай епархіі, тым самым узвысіўшы яго да трэцяй – найвышэйшай – ступені святарства.

Згодна са звесткамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, прыблізна 80% усіх вернікаў у Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі хрысціянамі. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў прыкладна ў 4 млн. Праваслаўная царква ў Беларусі мае паўтары тысячы прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх – Менская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая – аб’яднаныя ў Менскую мітраполію. Святароў рыхтуюць Менская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Менску і Віцебску, а таксама духоўныя вучылішчы (Менск, Слонім). У краіне дзейнічаюць звыш 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.

БелаПАН