Архірэйскі сабор пастанавіў: Канстанцінопаль можа даваць аўтакефалію без узгаднення
2 верасня на Архірэйскім саборы Канстанцінопальскай царквы ў Стамбуле епіскапы разгледзелі пытанне пра тое, наколькі Канстанцінопальская царква ўпаўнаважана без згоды іншых цэркваў прадастаўляць аўтакефалію царкве, якая пра гэта просіць, піша „Громадське”.
Адказ, які прынялі епіскапы па выніках гэтага абмеркавання, станоўчы: „Так, Канстанцінопальскі патрыярх можа прадастаўляць аўтакефалію без якіх-кольвек узгадненняў”.
Гэтае рашэнне прыбірае працэдурныя перашкоды на шляху прадастаўлення аўтакефаліі Ўкраіне.
Архірэйскі сабор, галоўнай тэмай якога ёсць прадастаўленне Ўкраінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі, пачаўся 1 верасня. На Сабор прыехалі больш ста епіскапаў з усяго свету. Сабор прадоўжыцца да 3 верасня, а пытанне Ўкраіны планавалі разгледзець ў другой палове дня 2 верасня.
У чэрвені 2016 года Вярхоўная Рада звярнулася да усяленскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць томас – указ пра аўтакефалію праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.
17 красавіка 2018 года прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка на нарадзе з удзелам парламенцкіх фракцый расказаў, што 9 красавіка ў Стамбуле правёў шматгадзінную сустрэчу з Варфаламеем і чальцамі Сінода.
Пасля гэтага УПЦ Кіеўскага патрыярхату і Ўкраінская Аўтакефальная Праваслаўная царква заклікалі УПЦ Маскоўскага патрыярхату падтрымаць высілкі па стварэнні адзінай украінскай царквы. Намеснік галавы аддзелу знешніх царкоўных сувязяў УПЦ МП Мікалай Данілевіч у адказ заявіў, што ініцыятыва завершыцца „вялікім пшыкам”.
Прэс-сакратар УПЦ КП архіепіскап Еўстрацій (Зора) выказаў меркаванне, што ў верасні на агульным сходзе епіскапата Усяленскага патрыярхату будзе разгледжана пытанне пра прадастаўленне томаса пра аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царквы. 22 жніўня Зора заявіў, што 1-3 верасня пройдзе Сінакс іерархаў Канстанцінопальскага патрыярхату, а ў кастрычніку – паседжанне Сінода.
Беларускае Радыё Рацыя