Архітэктару не ўдалося прыцягнуць да адказнасці „Гомельскую праўду”



Суддзя Чыгуначнага раённага суда Гомеля Дзмітрый Дэбой не задаволіў позву архітэктара Сяргея Ляпіна ў дачыненні да дзяржаўнага выдання, якое публікавала тэндэнцыйныя артыкулы пра абаронцаў гістарычнага цэнтра Гомеля.

Суддзя палічыў, што артыкул журналіста Рамана Старавойтава „Почему неймется „ляпіным” не нанёс шкоду дзелавой рэпутацыі Сяргея Ляпіна. У працэсе судовай цяжбы Сяргей Ляпін меў магчымасць пакамунікаваць з аўтарам скандальнага матэрыяла:

– Падчас нашай размовы, няхай і праз суд, праз суддзю, мне стала зразумела, што Раман Старавойтаў у тых пытаннях, за якія ён паспрабаваў узяцца і раз’ясніць для чытачоў „Гомельскай праўды”, не заўсёды кампетэнтны. Часцей за ўсё ён праяўляе няведанне законаў. У выніку я бачу, што артыкул пабудаваны на эмоцыях, на нейкай непрыязні, незадаволенасці самаго аўтара.

Сяргей Ляпін – вядомы ў Гомелі ўрбаніст і архітэктар. Ён стаў аб’ектам цкавання з боку дзяржаўнай прэсы пасля крытыкі будаўніцтва шматпавярховіка на месцы былых габрэйскіх могілак у раёне вуліцы Сожскай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель