Архівісты не знайшлі фота і кіно, дзе людзі з БЧБ-сцягам катуюць і забіваюць



У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотадакументаў няма ні фотаздымкаў, ні кінахронікі, дзе людзі з бел-чырвона-белым сцягам і „Пагоняй” канваіруюць, катуюць або забіваюць іншых людзей. Такі адказ з архіва атрымаў ваенны эксперт Ягор Лебядок, які спецыяльна даслаў запыт.

Лебядок вырашыў праверыць, ці ёсць кіна- і фотадакументы, якія пацвярджаюць сучасную дзяржаўную прапаганду. „Напісаў запыт у Беларускі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў з просьбай скласці спіс наяўных у архіве фота- і кінадакументаў за перыяд 1939-1946 гадоў з людзьмі пад бел-чырвона-белым сцягам або гербам „Пагоня”, якія ахоўваюць, канваіруюць, катуюць або забіваюць іншых людзей. Аплаціў гэтую паслугу (усё ж такі аб’ём работ добры) і атрымаў адказ: „У фондах архіва па цікавай для Вас тэме фота- і кінадакументаў не выяўлена”, — піша Лебядок.

Ён адзначае, што такіх фота і кінадакументаў не сустракаў і раней.

Беларускае Радыё Рацыя