Арнітолагі збіраюць грошы, каб паказаць птушак
Гарадзенскія арнітолагі пачалі краўдфандынгавую кампанію, каб пабачыць трансляцыі са сталовак для птушак у Белавежскай пушчы на сайце „Птушкі штодня”.
Навошта патрэбныя грошы распавядае рэдактар сайта „Птушкі Штодня” Зміцер Вінчэўскі:
– Туды прылятаюць віды, якія мы наўрад ці ўбачым у горадзе. У мінулым годзе гэта было 11 відаў, у гэтум годзе ўжо 7. Мы спадзяемся, што колькасць відаў, якія вы зможаце паглядзець онлайн не выходзячы са сваёй хаты, альбо не адрываючыся ад мабільнага тэлефона, будзе павялічвацца. Убачыце нейкія цікавыя паводзіны, усё што з’яўляецца новага і цікавага.
Зміцер Вінчэўскі кажа, што за ахвяраванні кожны атрымае падарункі:
– Падарункі ад нас залежаць ад сумы, якая будзе ахвяраваная. Гэта такія арыгінальныя значкі з птушкамі Беларусі, альбо нататнікі, альбо плакаты „Совы Беларусі”. За самую вялікую суму – ад 100 рублёў, можна будзе адпачыць на аграсядзібе „Залессе”, якая знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы.
Апроч анлайн-трансляцый гарадзенскія арнітолагі запрашаюць на зімовае назіранне за птушкамі, якое адбываецца кожныя выходныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня