“Аршанская хроніка 1986-2001”: гісторыі людзей, якія ў невялікім горадзе здзяйснялі вялікія справы
Дакументальную кнігу “Аршанская хроніка 1986-2001” , прэзентаваў 18-га ліпеня ў Воршы яе аўтар-укладальнік Віктар Андрэеў.
Віктар Андрэеў і яго кніга
Кніга ў актуальным жанры нон-фікшн мае 251 старонку і заснаваная на архіўных матэрыялах, дакументах ды інтэрв’ю з 15 асобамі.
Вельмі шмат у кнізе фотаздымкаў, якія перадаюць атмасферу змен у грамадстве на зломе 80-90-ых гадоў, а таксама палітычныя і культурніцкія падзеі.
Юры Санько і мастак Алесь Кажамяка
Віктар Андрэеў распавёў як прыйшла ідэя напісання дакументальнай кнігі пра Воршу: “Я ведаў шмат людзей, якія ў сваім жыцці шмат зрабілі для Воршы. І шмат хто пра гэта не ведае альбо забыў. Ідэя была ў тым, каб сабраць у кнізе падзеі ды людзей, якія выяўлялі грамадзянскую актыўнасць і ўплывалі на жыццё ў горадзе Ворша. Напрыклад, Алесь Сярожкін, дзякуючы яму, у Воршы захаваўся касцёл і будынак Куцеінскага манастыра. Мне хацелася, каб гэта інфармацыя не была страчаная. У гісторыі застаюцца “генералы”, людзі, якія займалі высокія пасады. А мне хацелася запісаць гісторыі людзей, якія ў невялікім горадзе здзяйснялі вялікія справы. Я імкнуўся перадаць у кнізе атмасферу часу, калі адны людзі змагаліся за выжыванне, а іншыя за тое, каб змянілася сацыяльна-палітычная сітуацыя ў горадзе. Такія людзі, як Алена (Тананана) Сцяпанава і Віктар Сцяпанаў, якія запрашалі людзей на першыя ў горадзе курсы беларускай мовы. Алена Сцяпанава і Віктар Сцяпанаў запрашалі людзей на першую сустрэчу насельніцтва з Беларускім Народным Фронтам на селікатным заводзе. Тады маглі гэта рабіць і рабілі. Збор матэрыялу заняў каля году. Калі перакрочваеш лічбу ў 60 гадоў, прыходзіць думка, што ў любы момант можна не паспець. Такіх кніг павінна быць напісана шмат, такія кнігі павінны з’яўляцца ў кожным горадзе”.
Пасля дыскусіі старшыня ТБМ ў Воршы Юры Нагорны сказаў: “Шчыра віншую Віктара Андрэева, што з’явілася такая цудоўная рэч. Праходзіць час, сціраецца з памяці тое, што зрабілі не “генералы”, а простыя людзі. Кожны з нас можа напісаць такую кнігу, па прыкладзе Віктара адкласці на час побытовыя справы, гароды. Я таксама пачаў пісаць кнігу “Людзі, з якімі мне пашчасціла сустракацца”. Гісторыя не павінна паміраць, нават калі паміраюць людзі”.
Дакументальную кнігу Віктар Андрэеў выдаў за свой кошт невялікім накладам. Электронная версія неўзабаве з’явіцца на сайце http://orshatut.by.
Беларускае Радыё Рацыя