Аршанская крама беларускіх сувеніраў шукае назву
Ігар Казмярчак, грамадскі актывіст з Воршы, не так даўно рэалізаваў сваю даўнюю мару: разам з сябрамі ён робіць сувенірную прадукцыю, а таксама і ўжытковыя рэчы – майкі, заплечнікі, торбачкі – з беларускімі надпісамі. Зрэшты, гэтая прадукцыя мае не толькі нацыянальны, але і мясцовы каларыт: вытворцы выкарыстоўваюць надпісы ды малюнкі краявідаў Воршы, а таксама іншых геаграфічна блізкіх мясцін.
Да апошняга часу вырабы прадпрымальніка прадаваліся падчас розных імпрэзаў або іх можна было замовіць праз сацыяльныя сеткі. Прыйшла пара адчыніць і ўласную краму, яе адкрыццё запланавана на 30-га лістапада. Але ёсць адна праблема – у крамы пакуль няма назвы, кажа Ігар Казмярчак:
– Мы хочам такую назву, каб яна падкрэслівала мясцовы каларыт і пры гэтым была нацыянальная. Глядзелі і нешта з Караткевіча, і былі ў нас прапановы – крама “Радзіма”, “Folk Shop” або “Этніка”. Але пакуль не можам выбраць нешта такое, каб нам спадабалася.
Праз сацыяльныя сеткі Ігар Казмярчак звярнуўся да ўсіх ахвотных выказваць свае прапановы. Аўтару назвы, якая найбольш спадабаецца гаспадарам і ўпрыгожыць шыльду новай крамы, уладальнік абяцае аддаць бясплатна самы дарагі тавар, або пераможца сам зможа выбраць сабе падарунак – тое, што найбольш спадабаецца з наяўнага асартыменту.
Гаспадар падкрэслівае, што крама размесціцца непадалёк ад аршанскіх вакзалаў, і назва крамы павінна выклікаць цікаўнасць у гасцей гораду, у тым ліку замежных.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя