Аршанскі прадпрымальнік – сувеніры з гумарам і каларытам
Да нядаўняга часу жыхара Воршы Ігара Казмерчака многія ведалі толькі як мясцовага грамадскага актывіста – ён доўгія гады з’яўляецца кіраўніком моладзевай арганізацыі «Звяз». Колькі год таму ім быў заснаваны незалежны гарадскі сайт orsha.eu. А цяпер аршанец абраў зусім новую для сябе сферу дзейнасці – зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам. Разам з аднадумцамі ён робіць сувенірную прадукцыю і ўжытковыя рэчы – майкі, заплечнікі, торбачкі – з беларускімі надпісамі. Прычым ёсць некалькі рысаў, якія вылучаюць аршанскую прадукцыю з падобнага асартыменту.
Прыкладам, гэта папулярызацыя творчасці мясцовых мастакоў, гаворыць Ігар Казмярчак:
– Было дзве галоўныя задачы, калі мы толькі пачыналі. Першая – гэта дапамагчы мастакам выйсці на вялікую публіку. Бо, як ні круці, людзі ў нас рэдка ходзяць па карцінных галерэях, і яшчэ радзей набываюць карціны. А гэта дае магчымасць мастакам паказаць, што яны тут ёсць увогуле. Другая задача – гэта папулярызацыя беларушчыны праз гумар.
На майках і кубках, якія робіць Ігар Казмярчак, – цікавыя не толькі малюнкі, але і надпісы. Прычым іх не трэба прыдумляць адмыслова, каб выклікаць усмешку, кажа прадпрымальнік:
– Пра Дуброўна ў нас цэлы цыкл. Гэта «мы з Дуброўна, нам усё роўна», «Дуброўна і Ляды – сталічныя гарады», там статуя Свабоды ўпісаная ў герб Дуброўна. І «Я ў Дуброўна купіў броўны». Гэтыя фразы ўсе этнаграфічныя, гэтак гавораць мясцовыя. А мы іх падхопліваем, па-мастацку аздабляем і вяртаем у родныя мясціны, ужо для продажу.
Ігар Казмярчак марыць, што майкі і кубкі з дасціпнымі надпісамі і краявідамі Воршы неўзабаве будуць у кожнага аршанца. Ёсць у яго і прадукцыя, прысвечаная бліжэйшым рэгіёнам, – таму ж Дуброўна, Горкам, Лепелю. Кошты прадпрымальнік імкнецца трымаць дэмакратычныя, з улікам незайздроснай эканамічнай сітуацыі на Віцебшчыне і невысокіх заробкаў патэнцыйных пакупнікоў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя