Аршанскі райвыканкам адмовіўся дэмантаваць дошку ў гонар Леніна



83 подпісы было сабрана пад петыцыяй, аўтары якой спрабавалі пераканаць улады, што прыйшоў час дэмантаваць мемарыяльную дошку на доме №14 па вуліцы Леніна ў Воршы. У петыцыі звярталася ўвага на тое, што тэкст на дошцы выглядае несучасна і супярэчліва.

“Хто вырашыў, што У.І.Ленін з’яўляецца “найвялікшым геніем чалавецтва” і што ён з’яўляецца “правадыром і настаўнікам працуючых усяго свету”?” – піша аўтар петыцыі. Але ў адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Калачова хоць і канстатуецца, што дадзены тэкст ёсць адбіткам колішняй савецкай ідэалогіі, усё-ткі гучыць цвёрдая адмова дэмантаваць артэфакт мінулай эпохі. Маўляў, яшчэ не дадзена аб’ектыўная ацэнка асобе і дзейнасці Уладзіміра Леніна, а савецкае мінулае – “гэта неад’емная частка гісторыі, якая заслугоўвае вывучэння і павагі да сябе”.

Дом №14 месціцца ў самым цэнтры горада, тут калісьці атрымлівала кватэры мясцовая партыйная наменклатура. А некаторыя маладзейшыя насельнікі, як высветлілася, нават не заўважалі, што на рагу вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Леніна. Але да ідэі яе дэмантаваць дзве дзяўчыны паставіліся насцярожана:

– Нават не ведаю… Без каментарыяў! Я ніяк не лічу. І ўвогуле не люблю, калі пра такія рэчы пытаюцца.

– А я лічу, што гэта слушна. Памяць павінна быць. Дзеці мусяць ведаць. Усё-ткі яна няхай будзе.

Гэта ж калісьці разумныя людзі павесілі, былі прычыны на гэта.

Улады Воршы ўчэпіста трымаюцца за ўшанаванне памяці Леніна і развітвацца з ёй не хочуць. Прыкладам, на будынку аршанскага чыгуначнага вакзала можна налічыць ажно тры мемарыяльныя шыльды, дзе згадваецца гэтае імя. У горадзе ёсць два помнікі Леніну, прычым апошні з іх быў усталяваны ўжо напрыканцы 1980-х, калі ў іншых краінах падобныя помнікі ўжо руйнавалі. А з нядаўняга часу ў гарадской тапаніміцы запанавала і новая назва: вуліцу Леніна пачалі называць на новы лад, больш паважна і напышліва – “вуліца Уладзіміра Леніна”.

Беларускае Радыё Рацыя, Ворша