Аршанскі райвыканкам пратэрмінаваў час на адказ прафсаюзу РЭП



Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) яшчэ ў канцы студзеня падаў заяўку ў Аршанскі райвыканкам на пастаноўку на ўлік ячэйкі арганізацыі ў Воршы. Аднак выканкам не даў адказу і праз амаль тры месяцы, якія прайшлі з дня падачы. Цяпер прафсаюз РЭП збіраецца падаць заяву ў пракуратуру на падобнае бяздзеянне мясцовых чыноўнікаў. Пра гэта паведаміў праваабаронца, прадстаўнік прафсаюзу  Васіль Бераснеў.

– Рэспубліканскі прафсаюз падаваў заяўку на пастаноўку на ўлік  27 студзеня. Вось ужо каля трох месяцаў ніякага адказу няма, што з’яўляецца грубейшым парушэннем Закона аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб. Гэта будзе абскарджана ў Генеральную пракуратуру, і няхай пракуроры разбіраюцца, як выконваюцца законы ў Аршанскім раёне.

Сябры прадстаўніцтва прафсаюза РЭП у Воршы лічаць, што ўлада маўчыць нездарма, мясцовыя чыноўнікі напалоханыя актыўнасцю прафсаюза РЭП на Маршы недармаедаў, які адбыўся ў Воршы 12-га сакавіка і стаў адной з буйнейшых акцый па ўсёй краіне.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша