Аршанскі „Звяз” – 135-я ліквідаваная грамадская арганізацыя
Віцебскі абласны суд задаволіў пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі віцебскага абласнога выканаўчага камітэту да аршанскага моладзевага абʼяднання „Звяз”.
Суддзя Марына Острыкава прыняла рашэнне скасаваць рэгістрацыю арганізацыю. Фармальнай падставай стала тое, што актывісты не дасылалі справаздачы пра сваю дзейнасць. Але, на думку заснавальніка “Звязу” Ігара Казмерчака, дзяржаўная рэгістрацыя аніяк не ўплывала на сутнасць працы актывістаў:
– Грамадскай арганізацыя – гэта не рэгістрацыя, гэта людзі. І ліквідавана не арганізацыя, а толькі рэгістрацыя. Арганізацыя будзе працягваць працу, і мы будзем цяпер называцца не аршанскае моладзевае аб’яднанне “Звяз”, а ініцыятыва. Або аргкамітэт па стварэнні. І ў якасці ініцыятывы або аргкамітэта па стварэнні будзем працягваць працу.
Пра дзейнасць “Звязу” добра ведаюць у родным горадзе. Актывісты арганізоўвалі спартовыя спаборніцтвы па дваравым футболе, збіралі сведчанні сваякоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, чым садзейнічалі стварэнню яшчэ адной мясцовай ініцыятывы – “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”. Цяпер у планах – стварэнне відэаролікаў, якія ілюструюць факультатыўны курс “Оршазнаўства”, што выкладаецца ў школах горада, ды іншыя фарматы дзейнасці, якія можна бяспечна выкарыстоўваць у цяперашніх палітычных умовах.
Беларускае Радыё Рацыя