Аршанскіх прыхільнікаў Ціханоўскага патаемна выпусцілі з „сутак”
Сябры і гарадскія грамадскія актывісты сабраліся каля аршанскага ізалятара часовага ўтрымання каля 14-й гадзіны.
Да 15.30 мусілі выйсці на волю Ілля Ціханаў і Аляксандр Андрэеў, якім прысудзілі па 10 сутак арышту за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 18-га сакавіка. Таксама чакалі Генадзя Ларыёнава, асуджанага да 5 сутак арышту за акцыю салідарнасці “кармленне галубоў” 10 траўня.
Але сустрэць з “сутак” нікога не ўдалося, распавёў праваабаронца Ігар Казмярчак:
– Ужо калі стала відавочна, што людзей нешта няма, мы пачалі звязвацца з роднымі затрыманых. І аказалася, яны ўжо дома. Відавочна, чакалі, што людзі будуць сустракаць, і не хацелі вялікага збору народу каля міліцыі, таму так зрабілі.
З праваабаронцам згодны і Аляксандр Андрэеў, які адбыў 10 сутак за кратамі за тое, што падзяліўся сваімі меркаваннямі пра сітуацыю ў Беларусі:
– Як па мне, то гэта несправядліва. Я выказаў сваё меркаванне, па сутнасці, даў інтэрв’ю, дзе выказаў свае думкі. Толькі там было шмат людзей. У судзе сказалі, што гэьа быў нейкі мітынг. Прыехаў дахаты, а жонка кажа, што мяне людзі прыйшлі сустракаць.Хацелі, напэўна, са мной паразмаўляць, пра нешта спытацца. Але ж мяне на 2 гадзіны раней адпусцілі. Мабыць, каб не сустрэўся з людзьмі, таму і выпусцілі раней.
У тэлеграм-чаце “Орша для жизни” з’віліся паведамленні пра датэрміновае вызваленне і іншых затрыманых. Падобным чынам, каб не дапусціць сустрэчы з сябрамі і аднадумцамі каля пастарунку, вызвалялі 15-га траўня і жыхара Наваполацка Андрэя Зуева. Яго нават адвезлі дахаты на міліцэйскай машыне.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя