Аршанскія камуністы пажадалі Леніну «чуць цёплыя словы ў жыцці»



Даволі вялікі мітынг камуністаў нечакана адбыўся 7-га лістапада ў Воршы. У апошнія гады адзначаць Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі збіраўся ад сілы дзясятак камуністаў, арганізаванасць была слабая. На гэты раз, у 99-ю гадавіну рэвалюцыі, камуністы правялі даволі масавы мітынг. Да помніка правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна прыйшлі каля 50 чалавек.

img_20161107_110802

Былі нават людзі, апранутыя ў чырвона-зялёныя шалікі, пад сцяг БССР і цяперашні дзяржаўны сімвал. Непрацяглыя выступы побач з помнікам завяршыліся ўскладаннем кветак на пастамент. Чырвоны гваздзік стаў сімвалам, адзінай кветкай, якую дамовіліся прынесці камуністы. Акрамя таго, на помнік паклалі і віншавальную паштоўку з тэкстам на расейскай мове, якой звычайна віншуюць жывых людзей, а не памерлых:

Пусть в жизни ждут тебя

Лишь тёплые слова.

И сердце никогда,

От боли не заплачет.

И пусть твоя кружится голова,

От счастья, от любви и от удачи!

img_20161107_150052

Святкаванне гадавіны Кастрычнніцкай рэвалюцыі сёлета, верагодна, якраз у Воршы было найбольш масавым. Адзін з камуністычных актывістаў спрабаваў далучыць да акцыі каля помніка і звычайных аршанцаў, якія ішлі ў крамы, у банкі. Аднак ніхто з мінакоў да мітынгу левых сілаў не далучыўся. У абласным цэнтры Віцебску на мітынг сабраліся не болей за 40 чалавек. Затое віцебскія камуністы адзначыліся плакатам «Мы — за Савецкі саюз».

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша