Арцыбіскуп Арцемій: Любоў вярнула мір і спыніла гвалт! Ці гэта не цуд!
Зварот арцыбіскупа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія да кліру і паствы Гарадзенскай дыяцэзіі:
Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
Мы з вамі перажываем цяжкі перыяд нашай гісторыі, ужо азмрочаны пралітай у выніку гвалту крывёю. Чаго, здавалася б, мы, у нашай мірнай і спакойнай Беларусі, не гатовыя былі чакаць ні пры якіх умовах. І, тым не менш, – гэта здарылася.
І здарылася, відавочна, таму, што нельга гуляць з Праўдай, перакручваючы яе ва ўгоду палітычнай мэтазгоднасці. Бо Праўда – гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якой стаіць – БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі ператвараецца ў хлусню, то топчацца Той, Хто – Бацька Праўды! І на арэну выходзіць іншы бацька. Бацька хлусні. Якога, як мы ведаем з Божага слова, завуць – Д’ябал! І яшчэ мы пра яго ведаем, што «Ён быў душагуб ад пачатку» (Ян. 8, 44).
Значыць, кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні – на сумленні тых, хто свядома сам забіваў, альбо прымушаў іншых забіваць Праўду! Пра тое, што так НЕЛЬГА паступаць тым, хто лічыць сябе праваслаўным хрысціянінам, папярэджвалі нашы святары, заклікаючы да іх сумлення і нагадвалі Запаведзі Божыя! Але, на жаль, іх слухалі ў апошнюю чаргу.
Цяпер нам усім трэба будзе правесці няпросты шлях пераадолення палітычнага крызісу і маральнага ачышчэння. Якога не бывае без шчырага і глыбокага пакаяння і якому нам усім давядзецца навучыцца! Каб мы змаглі прасіць прабачэння сабе і дараваць іншых! І досвед апошніх дзён, калі на вуліцы нашых гарадоў замест зьбітых мужоў, сыноў, братоў выйшлі іх жонкі, маці, сёстры – з кветкамі і ўсмешкамі, аказалася, што духоўны закон: «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром» (Рым. 12. 21) – працуе! Любоў вярнула мір і спыніла гвалт! Ці гэта, гэта не цуд! Я ўсяляк дзякую тых, хто знайшоў гэта дзіўнае рашэнне і заклікаю на вас дабраславеньне Божае!
Веру, што Любоў і Свет дапамогуць усім нам вярнуць і Праўду! Вярнуць у нашы душы, у нашы хаты і сем’і, у адносіны грамадства і дзяржавы. І Праўда дазволіць нам усім вярнуць давер адзін да аднаго. Асабліва да тых, хто, маючы прысягу служыць беларускаму народу, неапраўдана жорстка ставіўся да яго ў гэтыя дні. Хай кветкі і ўсмешкі нашых выдатных дзяўчын і жанчын дапамогуць і вам вылечыцца ад таксінаў зла і агрэсіі!
Вечная памяць загінулым і суцяшэння іх родным і блізкім!
Хутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым і свабоды тым, хто яе яшчэ чакае!
І хай будуць справядліва, сумленна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, гвалту і жорсткасці, каб зьдзейсьнілася Правасуддзе і перамагла Праўда!
+ АРЦЕМІЙ
арцыбіскуп Гарадзенскі і Ваўкавыскі
14 жніўня 2020 г.
г. Гародня