Арцыбіскуп Кандрусевіч: 7 лістапада — дзень памяці ахвяраў савецкага рэжыму
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч бярэ ўдзел у святкаванні срэбранага юбілею, які ў гэтыя дні ўрачыста адзначаюць у заснаванай ім у 1993 г. духоўнай семінарыі «Марыя — Каралева апосталаў» у Санкт-Пецярбургу.
Асноўныя юбілейныя мерапрыемствы з гэтай нагоды ў горадзе на Няве праходзяць 8 лістапада, а напярэдадні тут у касцёле св. Станіслава адбылося адкрыццё мемарыяла з прозвішчамі вядомых 425 каталіцкіх святароў, якія загінулі падчас атэістычнага рэжыму ў савецкіх лагерах.
На пачатку памятнага мерапрыемства адбылася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў наступнік арцыбіскупа Кандрусевіча на Маскоўскай каталіцкай кафедры арцыбіскуп Паоло Пэццы, ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі Апосталькі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Чэлестыно Мільёрэ, Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і ўсе расійскія біскупы, а таксама шматлікія святары.
Пасля св. Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч у кароткай прамове падкрэсліў, што калі яшчэ не так даўно дзень 7 лістапада лічыўся «чырвоным днём календара» — гэта азначае святочным днём, — то сёння ў Каталіцкім Касцёле ў Расіі гэта дзень малітвы за ахвяры таталітарнага савецкага рэжыму і іх праслаўлення.
У набажэнстве ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі ўладаў Санкт-Пецярбурга, генеральныя консулы (або іх прадстаўнікі) ЗША, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі і Фінляндыі.