Арцыбіскуп Кандрусевіч: Бог нас абараняе ад зла, але Бог даў нам розум



Як Касцёл адказвае на выклік пандэміі, чаму менавіта так, і што нас чакае наперадзе — распавёў у інтэрв’ю Catholic.by Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

— Ваша Эксцэленцыя, перш за ўсё — некалькі словаў пра стан здароўя біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Ці звязана яго хвароба з каранавіруснай інфекцыяй?

Паводле звестак, якія атрымліваем з Пінска, на сённяшні дзень стан біскупа Антонія Дзям’янкі лепшы, чым быў два дні таму, калі яго забралі ў шпіталь.

Атрыманы сёння вынік тэсту на каронавірус адмоўны. Далейшае лячэнне біскуп Пінскі будзе праходзіць у Брэсцкім абласным шпіталі.

Заахвочваю ўсіх да малітвы аб здароўі вельмі актыўнага, ахвярнага і адданага справе Касцёла Пінскага біскупа Антонія Дзям’янкі, каб ён як мага хутчэй мог працягваць служэнне наступніка апосталаў.

— Каранавірус так ці інакш паўплываў на ўсе сферы нашага жыцця. Як адчувае сябе Касцёл у такой складанай сітуацыі?

— Як для ўсяго свету, таксама і для Касцёла пандэмія стала вялікай нечаканасцю. Мы сутыкнуліся з выклікам, нам незнаёмым. Неабходна вырашаць цэлы шэраг праблем, якія ўзнікаюць кожны дзень. Многія з іх вырашаюцца ўпершыню і без ніякага досведу.

Касцёл у Беларусі адразу пасля таго, як стала відавочна, што вірус распаўсюджваецца і ў нас, прыняў адпаведныя меры і выдаў неабходныя рэкамендацыі для святароў і вернікаў.

— Якія захады былі ўведзены ў касцёлах для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі?

— Былі адменены такія маштабныя мерапрыемствы, як велікапоснае чуванне і малітоўная сустрэча моладзі, якія звычайна збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў. Перанесены на пазнейшы час урачыстасці канфірмацыі і Першай Камуніі ў парафіях. Адменены біскупскія візітацыі і наведванні парафій. Не праводзіцца катэхізацыя дзяцей у нядзельных школках.

Абрады Пальмовай, або Вербнай нядзелі, благаслаўленне велікоднай ежы і ўрачыстыя пасхальныя набажэнствы ў многіх парафіях адбываліся па-за касцёлам, на вуліцы. Сама цэлебрацыя гэтых асаблівых у літургічным годзе дзён была максімальна спрошчана: засталіся толькі істотныя элементы.

Біскупамі была дадзена дыспенса, або вызваленне вернікаў ад абавязку ўдзельнічаць у нядзельнай і святочнай святой Імшы. Гэтым выключным паслабленнем падчас эпідэміі могуць скарыстацца старэйшыя людзі, дзеці і нават тыя, хто адчувае страх заражэння.

Мы заахвочваем людзей, якія адчуваюць слабасць, устрымацца аб удзелу ў набажэнствах і далучацца да малітвы праз сродкі масавай камунікацыі, якія штодзённа даюць такую магчымасць.

У касцёлах рэгулярна здзяйсняецца дэзінфекцыя. Вернікаў мы заклікаем захоўваць сацыяльную адлегласць.

— У некаторых СМІ ўздымалася пытанне, чаму наогул не былі адменены ўсе службы, а касцёлы і цэрквы не былі зачынены, як у іншых краінах? У сувязі з гэтым гучыць крытыка як Каталіцкага Касцёла, так і Праваслаўнай Царквы.

— Крытыкуюць не толькі Касцёл і Царкву: крытыкуюць таксама медыкаў, дзяржаўныя ўстановы…

Я лічу, што сама пастаноўка пытання некрэктная. Ніхто і нідзе не адмяняў святых Імшаў і не зачыняў святыняў. Папа таксама не адмяняў і не пераносіў Пасхі, як пісалі некаторыя СМІ.

Насамрэч Касцёл паўсюль падпарадкоўваецца абмежаванням, якія ўводзіць тая ці іншая дзяржава падчас пандэміі. Гэта датычыцца таксама ўдзелу вернікаў у набажэнствах.

Таму там, дзе такія абмежаванні былі ўведзены, Касцёл дастасаваўся да іх. Аднак Імшы цэлебраваліся, толькі з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. З часам у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі абмежаванні паступова здымаюцца.

Так, напрыклад, у Літве ў набажэнстве маглі браць удзел пяць чалавек, незалежна ад памераў касцёла. З 27 красавіка ў гэтай суседняй з Беларуссю краіне ўстаноўлена новая норма: адзін чалавек на дзесяць квадратных метраў. А ў Латвіі падчас каранціну дзяржавай устаноўлена норма ў 50 чалавек на набажэнстве.

26 красавіка я цэлебраваў галоўную святую Імшу ў мінскай катэдры а 13-й гадзіне. Прысутнічала каля 60 чалавек, і ў большасці яны захоўвалі сацыяльную дыстанцыю. Пагадзіцеся, што ў даволі вялікай памерамі мінскай катэдры 60 чалавек не ствараюць натоўпу. Гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з рынкамі і вялікімі крамамі, дзе перад «доўгімі выходнымі» (і не толькі), нягледзячы на пандэмію, збіраюцца натоўпы людзей і дзе цяжка нават сабе ўявіць захаванне неабходнай сацыяльнай дыстанцыі.

У некаторых найбольш пацярпелых краінах ужо паступова здымаюцца абмежаванні, адкрываецца больш крам, кавярняў, пунктаў абслугоўвання людзей і г.д. Аднак не заўсёды гэта адносіцца да рэлігійных арганізацый. Менавіта таму Канферэнцыя Епіскапату Італіі выказала пратэст ураду краіны, бо падобныя рашэнні парушаюць права вернікаў на свабоду веравызнаня. Свой пратэст на неадэкватна жорсткія дзеянні ўладаў заяўлялі таксама французскія біскупы.

— Чуваць крытыку і ад тых, хто лічаць любыя захады для прадухілення інфекцыі «недаверам да Бога» і заклікаюць іх ігнараваць. Што Вы можаце ім адказаць?

— Вядома, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Адны разумеюць і выконваюць распараджэнні і заклікі іерархаў, іншыя іх ігнаруюць, а хтосьці нават варожа іх успрымае.

Мы павінны прыслухоўваца да меркавання вернікаў і цярпліва ім тлумачыць вымушанасць і часовасць гэтых выключных мер.

Бог нас абараняе ад зла, але Бог даў нам розум, каб мы ім рацыянальна карысталіся. Калі нехта ведае, што заражаны, то, кантактуючы з іншымі, ён парушае пятую Божую запаведзь — не забівай. Тое самае можна сказаць і пра тых, хто свядома і злосна ігнаруе мінімальна неабходныя захады для прадухілення інфекцыі.

На самай справе, абсалютная большасць нашых вернікаў нармальна ўспрымаюць рэкамендацыі сваіх пастыраў і санітарных службаў. У Беларусі кампетэнтныя службы не сталі ўводзіць строгіх абмежаванняў, але далі выразныя рэкамендацыі. Тое самае зрабілі і іерархі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Мы не адмяняем набажэнстваў, але заклікаем людзей прытрымлівацца ўстаноўленых санітарнымі службамі нормаў. Кожны павінен адчуваць асабістую адказнасць і выконваць рэкамендацыі спецыялістаў, каб зберагчы здароўе сваё і сваіх бліжніх.

— Што новага прыўнесла ў жыццё Касцёла на Беларусі пандэмія?

— Касцёл з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення і не можа занядбаць сваю місію нават у неспрыяльных умовах эпідэміі. Менавіта для гэтага былі арганізаваныя анлайн-трансляцыі набажэнстваў з многіх касцёлаў. Дзеля гэтага ў вялікай колькасці парафій з’явіліся свае ютуб-каналы. Такім чынам, пандэмія паспрыяла росту прысутнасці Касцёла ў лічбавай прасторы.

Карыстаючыся нагодаю, я хачу асабліва падзякаваць беларускаму тэлебачанню за прамую трансляцыю набажэнстваў Пасхальнага трыдуума.

Мы таксама не пакінулі дзяцей і моладзь без магчымасці катэхізацыі. На партале Catholic.by цяпер для іх праводзяцца відэакатэхезы, якія могуць глядзець таксама ўсе, хто жадае паглыбіць свае рэлігійныя веды.

— Як Вам бачыцца будучыня Касцёла і рэлігійнага жыцця ў нашай краіне пасля заканчэння эпідэміі?

— На гэтае пытанне можа адказаць толькі Бог. Нездарма Святое Пісанне кажа, што Божыя думкі — не нашыя думкі. Аднак, давяраючы Божаму Провіду, мы не павінны сядзець, склаўшы рукі, і чакаць «з мора пагоды».

Святы Ян ХХІІІ казаў, што Касцёл — не з гэтага свету, але ў гэтым свеце. Таму ён павінен чытаць знакі часу і своечасова адказваць на яго выклікі. Мы будзем сачыць за тым, як стане развівацца свет пасля эпідэміі, аналізаваць сітуацыю і выяўляць праблемы, якія неабходна вырашаць.

Аднак ужо сёння зразумела, што Касцёл павінен будзе больш увагі звяртаць на дабрачынную дзейнасць, бо эпідэмія выклікала вялікі эканамічны крызіс і шмат людзей патрабуе дапамогі. Таму ўзрасце роля Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, назва якога ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «міласэрная любоў».

Пандэмія агаліла духоўныя праблемы сучаснага грамадства, і людзі пачынаюць гэта разумець.

Святары кажуць, што многія пачалі больш маліцца — «як трывога, то да Бога». Але трэба так выхоўваць людзей, каб яны заўсёды жылі паводле Божага закону, а не толькі звярталіся да Яго падчас бяды. Гэта заўсёды актуальнае заданне для Касцёла сёння гучыць зусім інакш і патрабуе новых ініцыятыў.

Вялікай праблемай яшчэ працяглы час можа быць правядзенне папулярных фармацыйных сустрэч у розных галінах душпастырства, канікулаў з Богам для дзяцей, катэхізацыі і да т.п. У сувязі з гэтым узрасце роля тэлеканферэнцый і дыстанцыйнай фармацыі. Але для гэтага неабходна належным чынам падрыхтавацца і мець адпаведныя матэрыяльныя рэсурсы.

Цяпер шмат людзей сталі далучацца да Імшаў з дапамогай анлайн-трансляцый, і гэта — вялікая духоўная дапамога падчас пандэміі. Але яна нясе ў сабе і небяспеку, бо хтосьці і потым можа вырашыць, што ісці ў касцёл неабавязкова, калі можна «паглядзець Імшу» на камп’ютары ці тэлефоне.

Але Імшу не глядзяць: у ёй удзельнічаюць.

Арцыбіскуп Міланскі Марыё Дэльпіні падчас адной з анлайн-трансляцый сказаў, што розніца паміж непасрэдным удзелам у святой Імшы ў касцёле і праглядзе праз тэлебачанне ці інтэрнэт падобна да розніцы, калі сядзім каля вогнішча, якое нас грэе, асвятляе і прыносіць радасць, і калі глядзім толькі на яго выяву, якая не грэе, не асвятляе і не прыносіць радасці жывога вагню.

Вядома, што заўсёды былі, ёсць і будуць хворыя, інваліды і тыя, хто з важнай прычыны не можа ўдзельнічаць у Імшы. Гэта перадусім для іх арганізуюцца трансляцыі набажэнстваў. Да іх падчас пандэміі далучаюцца іншыя асобы. Але калі эпідэмія завершыцца, то неабходна памятаць, што дадзеная дыспэнса ад абавязку ўдзелу ў Імшы будзе адклікана.

Вернікі павінны гэта добра ўсведамляць: занядбанне абавязку ўдзелу ў Імшы з’яўляецца цяжкім грахом.

Разам з гэтым я ўпэўнены, што многія вернікі падчас гэтага новага выпрабавання адчуюць «эўхарыстычны голад», і пасля завяршэння пандэміі з яшчэ большым запалам будуць прымаць удзел у Эўхарыстыі, якая з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця.

Словам, Касцёл павінен будзе дастасавацца да новых умоў, каб паспяхова выканаць сваю місію весці людзей шляхам збаўлення. Калі брамы пекла яго не перамогуць, то не перамогуць і розныя крызісы і выпрабаванні.