Арцыбіскуп Кандрусевіч: Мы з надзеяй чакаем Папу і ў нас



Паломніцтва Папы Рымскага Францішка ў Вільню абудзіла надзеі на ягоны візіт у Беларусь. Каля сямісот маладых пілігрымаў з Беларусі сустракала Пантыфіка на Кафедральнай плошчы.

Сярод іх быў і Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

Напэўна кожны вернік хацеў бы бачыць свайго духоўнага лідара. Сёння такая магчымасць толькі адна: у Вільні, ці ў Коўне, на жаль, Папа яшчэ не можа прыехаць у Беларусь. Мы яго чакаем. Папа ўжо другі раз за 25 гадоў прыязджае ў балтыйскія краіны. Але мы з надзеяй чакаем, што можа прыедзе і да нас. Мота візіту Папы: Хрыстос — наша надзея. Гэта вельмі важна не толькі для моладзі Літвы, а таксама і для моладзі Беларусі. Усе гэтыя выклікі часу сёння адносяцца і да нашай краіны. Таксама малады чалавек у Беларусі вельмі часта разгублены, не ведае, на якой базе, на якім падмурку будуе дом свайго жыцця. Сёння трэба паказаць напрамкі: як будаваць нашу будучыню. Адказ толькі адзін: Хрыстос з’яўляецца гэтым знакам надзеі. Напэўна многія хрысціяне ведаюць пра гэта, толькі трэба дапамагчы, асабліва заблукаўшай моладзі, даць той ключык, каб яны адчынілі для Хрыста.

РР: Дваццаць пяць гадоў таму Папа Ян Павел ІІ таксама наведваў краіны Балтыі. Што за гэты час памянялася ўнутры вернікаў Рыма-каталіцкага Касцёла?

25 гадоў таму я быў тут: у Літве, у Латвіі, Эстоніі. Тады, пасля 70 гадоў ганенняў, прыйшла свабода. Але што рабіць з гэтай свабодай? Гэта дар, як падкрэсліваў Ян Павел ІІ, але таксама і адказнасць. Я памятаю ягоную прамову на стадыёне ў Коўне, калі ён звяртаўся да моладзі. «Калі мы забудзем пра Божыя Запаведзі, дык гэтая свабода можа стаць анархіяй». Мы бачым, што сёння адбываецца.

РР: Кажуць, што Заходняя Еўропа адыходзіць ад хрысціянскіх каранёў, а наша частка Еўропы ўсё ж яшчэ трымаецца, можа нават тут адраджаецца хрысціянская вера, але ці не будзе гэты заходні ўплыў надта вялікі?

У тым і справа, каб своечасова зразумець усю небяспеку. Сёння няма жалезнай заслоны, жалезнай мяжы, сёння людзі паўсюль ездзяць і гэта дае свой уплыў. Праз 10 дзён пачнецца Сінод біскупаў, прысвечаны моладзі і робяцца даследаванні, паводле якіх у сацыяльных сетках толькі 4 % людзей цікавяцца рэлігіяй. А што робяць 96 іншых? Чым яны найбольш цікавяцца? Далёка ад рэлігіі. Дзякуй Богу мы яшчэ трымаемся, але трэба быць вельмі чуйным, бо гэтая небяспека таксама ідзе да нас. Гэта цунамі, якое можа прынесці многа шкоды.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

У Вільні падчас візіту Святога Айца з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам размаўляў Юрка Ляшчынскі.

Беларускае Радыё Рацыя