Арцыбіскуп Кандрусевіч: Наш час напоўнены шматлікімі выклікамі і складанасцямі



У сваім пастырскім слове на Адвэнт, які католікі пачынаюць перажываць 27 лістапада, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў аб праблемах, з якімі сутыкнуліся свет, Беларусь і мясцовыя каталіцкія вернікі.

„Наш час напоўнены шматлікімі выклікамі і складанасцямі. Грамадства расколатае. Свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны. Шмат людзей церпяць з-за несправядлівасці, зняволення, хваробы, страты блізкіх і іншых нягодаў. Таму Адвэнт, які распачынаецца, і святы Божага Нараджэння будуць для нас складанымі. Мы павінны быць салідарнымі з людзьмі, якія церпяць і дапамагаць ім матэрыяльна і духоўна, а таксама маліцца аб хутчэйшым вырашэнні надзённых праблем, з якімі сутыкнуўся свет, наша Бацькаўшчына і Касцёл”, – заклікаў Кандрусевіч.

Асобна ён адзначыў, што «дух салідарнай малітвы аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у закрытым касцёле святых Сымона і Алены таксама павінен спадарожнічаць вернікам.

Фота: catholic.by