Арцыбіскуп Кандрусевіч пра павесткі семінарыстам: «Незразумела, хто за гэтым стаіць”



Каталіцкіх і праваслаўных семінарыстаў не забяруць у войска гэтай вясной. Адтэрміноўка будзе дзейнічаць да лютага 2019 года. Але што пасля?

У каментарыі для Catholic.by арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў гэту сітуацыю «дзіўнай і незразумелай».

— Я не ведаю ніводнай краіны, дзе малады святар ці семінарыст падчас вучобы прызываўся б у войска. Расказаць каму з замежных біскупаў — ва ўсіх толькі здзіўленне.

Цяпер хачу найперш падзякаваць Прэзідэнту Беларусі за падпісаны Указ аб прадастаўленні адтэрміноўкі. Канферэнцыя біскупаў звярталася да прэзідэнта з такой просьбай. І я верыў да канца, што сітуацыя вырашыцца.

У мяне засталося толькі адно незразумелае пытанне, на якое не ведаю дзе шукаць адказ.

Прызыў адбываецца два разы на год — восенню і вясной. Дакументы з просьбай ад адтэрміноўцы мы падаём адзін раз — звычайна ў канцы лета, каб паспець да асенняга прызыву.

Так мы зрабілі і летась. І ў ваенкаматы мінулай восенню нікога не выклікалі. Ніводзін святар ці семінарыст прызыўнога ўзросту павестку тады не атрымаў. А тут нечакана атрымліваюць. У чым справа? Бюракратычныя хібы? Губляюся ў дагадках.

Наколькі мне вядома, офіс Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей тут не прычым, бо дакументы пераслаў у адпаведны час.

Распараджэнне прэзідэнта аб адтэрміноўцы звычайна адно на два прызывы. Чаму тады мінулай восенню нікога не клікалі? Дзейнічае ж адно і тое распараджэнне.

З часоў адраджэння структур Каталіцкага Касцёла такіх прэцэдэнтаў я не памятаю. Незразумела, хто за гэтым стаіць і чаму гэта было зроблена.

Гэта ж стварае для краіны адмоўны імідж! Пра гэты выпадак пішуць замежныя СМІ — мне тэлефанавалі журналісты з Італіі, Германіі. Што я мог сказаць? Мы не маем адказу.

Зараз у ваенкаматах распаўсюдзілі інфармацыю пра адтэрміноўку да лютага. Але ці гэта сапраўды так, мы не ведаем. Мы не атрымалі ніякага дакумента, які пра гэта б гаварыў. Чаму? Невядома. Мы пішам просьбу і падаем спісы семінарыстаў, але канчатковага дакумента не атрымліваем.

Калі б кожны семінарыст ці святар прызыўнога ўзросту меў такі дакумент, то быў бы спакойны, ведаючы, да якога часу ён не будзе прызваны.

Праваслаўная Царква сутыкнулася з такой жа сітуацыяй. Каля двух тыдняў разам з прадстаўнікамі розных веравызнанняў мы сустракаліся ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Сустрэча датычыла тэмы дзяржаўнага прызнання нашых семінарый. Яны зарэгістраваныя як вышэйшыя навучальныя ўстановы, але ўсё адно не маюць такога статуса. Калі б ён быў, то пытанне з прызывам падчас навучання адпадала б аўтаматычна.