Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў адкрыты ліст на тэму ЭКА
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі мае шэраг аргументаў супраць фінансавання працэдуры экстракарпаральнага апладнення за кошт бюджэтных сродкаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў уладам адкрыты ліст.
АДКРЫТЫ ЛІСТ АРЦЫБІСКУПА ТАДЭВУША КАНДРУСЕВІЧА ДА СТАРШЫНІ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ І МІНІСТРА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь АНДРЭЙЧАНКУ У.П.
Міністру аховы здароўя Рэспублікі Беларусь МАЛАШКУ В.А.
Паважаныя Уладзімір Паўлавіч і Валерый Анатольевіч!
У апошнія дні ў розных СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Міністэрства аховы здароўя прапануе першую спробу ЭКА зрабіць бясплатнай (пар. minzdrav.gov.by).
Каталіцкі Касцёл як другая канфесія ў нашай краіне пасля Праваслаўнай Царквы мае шэраг аргументаў супраць таго, каб фінансаваць першую спробу ЭКА за кошт бюджэту.
І гэтыя аргументы нельга проста так праігнараваць, бо яны датычацца будучыні нашай краіны:
1. Вучэнне Каталіцкага Касцёла супраць ЭКА, таму што гэтая працэдура парушае святасць акту зачацця, як гэта задумана Створцам. Зачацце становіцца вынікам супрацоўніцтва паміж жанчынай і ўрачом, і гэта наносіць удар па айцоўству, таму што бацька фактычна аказваецца выключаным з працэсу зачацця свайго дзіцяці. Ёсць шэраг даследаванняў аб тым, як цяжка маці і бацьку наладзіць нармальныя адносіны са сваім дзіцем, зачатым «у прабірцы».
2. Працэдура ЭКА немагчымая без знішчэння эмбрыёнаў, кожны з якіх мае такое ж права на жыццё, як і кожны з нас. Паводле афіцыйных звестак, штогод у Беларусі праводзіцца больш за 3 тыс. поўных скончаных цыклаў дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій (ДРТ).
У выніку гэтай працэдуры нараджаецца каля адной тысячы дзяцей у год. Адпаведна, як мінімум 2/3 зачатых дзяцей гіне.
Варта адзначыць, што рэальная інфармацыя аб эфектыўнасці гэтай працэдуры недаступная, у розных крыніцах называюцца розныя лічбы. Акрамя таго, пры шматлікіх праграмах ДРТ вырабляюцца так званыя запасныя эмбрыёны, якія пасля выкарыстоўваюцца для даследаванняў, знішчаюцца або замарожваюцца для далейшых спробаў ЭКА. Міф пра тое, што можна правесці ЭКА, маючы толькі адну яйцаклетку, — хлусня: ніводная клініка на такое не пагодзіцца. Аднак інфармацыя аб гэтым практычна недаступная.
Узнікае натуральнае пытанне: колькі эмбрыёнаў знаходзіцца ў Беларусі ў лабараторыях крыякансервацыі? Колькі беларускіх бацькоў пакутуюць ад таго, што іх эмбрыёны замарожваюцца і знішчаюцца?
3. ЭКА — гэта велізарны бізнес на чалавечай бядзе, таму прадстаўнікамі гэтага бізнесу і звязанымі з імі медыцынскімі структурамі замоўчваюцца цяжкія, часам катастрафічныя наступствы гэтай працэдуры для жанчыны, а таксама дадзеныя аб слабым здароўі, а часам інваліднасці дзяцей, зачатых такім ненатуральным чынам. Лячэнне такіх жанчын і дзяцей гэты бізнес ужо не аплачвае: яно кладзецца на плечы падаткаплацельшчыкаў, гэта значыць нас з вамі.
Акрамя таго, уцягванне камерцыйных структур і фінансаванне іх такім чынам за сродкі бюджэту прывядзе да яшчэ большай карупцыі і непразрыстасці ў сферы медыцыны, бо ЭКА — гэта велізарная колькасць дарагіх медыкаментаў, аналізаў і абследаванняў.
4. Таксама ўзнікае вялікае пытанне аб тым, ці змогуць дзеці, зачатыя пры дапамозе гэтай працэдуры, самастойна стаць бацькамі. Даследаванні на гэтую тэму альбо адсутнічаюць, альбо недаступныя. Аднак існуе вялікая верагоднасць таго, што такім дзецям у будучыні таксама спатрэбіцца дапамога ДРТ, і такім чынам атрымліваецца замкнёнае кола.
5. ЭКА адкрывае шырокія магчымасці для сурагатнага мацярынства і гандлю дзецьмі. Па сваёй сутнасці сурагатнае мацярынства — гэта абмен дзіцяці ва ўлонні маці на грошы. Варта памятаць і пра тое, што ў заходніх краінах да ЭКА і паслуг сурагатных маці звяртаюцца прадстаўнікі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, якія вырашылі стаць бацькамі.
6. Фінансаванне гэтай бесчалавечнай працэдуры за кошт бюджэту робіць нас усіх адказнымі за гэтае зло, з чым мы не можам пагадзіцца.
Аргументы падтрымкі росту дэмаграфічных паказчыкаў пры дапамозе працэдур ДРТ, якія прыводзяць іх прыхільнікі, выглядаюць смеху вартымі. Цяпер у Беларусі нараджаецца штогод каля 100 тысяч дзяцей: натуральна, што 1 тысяча дзяцей, народжаных у выніку працэдур ДРТ, праблему дэмаграфіі ніякім чынам не вырашыць. З іншага боку, трэба задумацца аб 30 000 абортах, якія па афіцыйнай статыстыцы адбываюцца кожны год у нашай краіне.
7. Варта памятаць пра тое, што ЭКА стала адпраўным пунктам для генетычнай інжынерыі, кланавання, прэ-імплантацыйных генетычных дыягназаў (адсяванне эмбрыёнаў), збору ствалавых клетак эмбрыёнаў, даследаванняў па дзецях ад трох бацькоў і гібрыдах чалавека і жывёл.
8. Дзіця — гэта не рэч, права валодання якой даецца бацькам. Ніхто не можа патрабаваць для сябе такіх правоў. Бясплоддзе — гэта вялікі цяжар і суровае выпрабаванне для сужонкаў, але чалавечая годнасць не можа быць прынесена ў ахвяру дзеля мэты валодання дзіцем.
Урачы павінны імкнуцца вылечыць бясплоддзе, а не замяняць Богам дадзены дар плоднасці медыцынскімі тэхналогіямі, якія ставяць пад пагрозу чалавечую годнасць і прыводзяць да знішчэння тых эмбрыёнаў, якія не выкарыстаны для працэдуры.
9. Для бяздзетных сужонкаў заўсёды застаюцца актуальнымі ўсынаўленне, патранатнае выхаванне або іншыя формы дапамогі дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў (у беларускіх дамах-інтэрнатах знаходзяцца 3,4 тысячы дзяцей-сірот, пазбаўленых бацькоўскай апекі). Святое Пісанне неаднаразова заклікае клапаціцца аб сіротах.
Сур’ёзнай альтэрнатывай ЭКА з’яўляюцца метады распазнавання плоднасці (МРП), якія на сённяшні дзень практычна цалкам ігнаруюцца беларускім Міністэрствам аховы здароўя. Гэтыя метады нейтральныя з маральнага пункту гледжання, бяспечныя для здароўя, умацоўваюць сужэнства і ў многіх выпадках па эфектыўнасці пераўзыходзяць ЭКА.
Каталіцкі Касцёл мае вялікі вопыт у распаўсюджанні МРП і можа аказаць метадалагічную дапамогу ў гэтым пытанні.
Неабходна шырокае інфармаванне аб тым, што часта бясплоддзе ўзнікае па прычыне папярэдніх абортаў, выкарыстання гарманальнай кантрацэпцыі і спіраляў. Бясплоддзе можа наступаць і ў выніку выпадковых палавых сувязяў і венерычных захворванняў, менавіта таму Касцёл заўсёды заклікае да цнатлівасці да шлюбу і вернасці ў шлюбе. Нельга забывацца і пра духоўныя прычыны, якія праяўляюцца ў тым, што сужонкі плануюць нараджэнне толькі аднаго – максімум дваіх дзяцей і забываюцца пра біблійны заклік «пладзіцца і размнажацца».
З павагай і малітвай аб прыняцці этычнага рашэння па гэтым актуальным пытанні, каб пад маркай вырашэння дэмаграфічных праблем не развіваўся сумнеўны бізнес.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі