Арцыбіскуп Кандрусевіч: Усе непаразуменні неабходна вырашаць у духу ўзаемнай павагі



19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў менскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, паведамляе catholic.by.

У супольнай малітве вернікі, сабраныя ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы і тыя, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі, дзякавалі Сэрцу Езуса за Яго бязмежную любоў, якая прывяла Збаўцу на Крыж дзеля збаўлення чалавека.

Маліліся таксама і аб мірным вырашэнні напружанай сітуацыі ў беларускім грамадстве, якая склалася ў сувязі з набліжэннем выбараў прэзідэнта.

Старшыня каталіцкага епіскапату ў Беларусі адзначыў, што ўсе непаразуменні неабходна вырашаць на шляху дыялогу і ў духу ўзаемнай павагі.

«Штодзённа мы перажываем шмат цяжкасцяў і складанасцяў. Езус прапануе вырашэнне ўсіх нашых праблем праз любоў да бліжняга, што з’яўляецца знакам любові да Бога. А любоў да Бога — гэта жыццё паводле Божага закону, павага да кожнага чалавека, дыялог у імя дабра ўсяго грамадства, — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. – Мы розныя, што натуральна, і таму маем розныя меркаванні адносна тых самых праблем і пытанняў. І ў сям’і ўсе розныя, але гэта — адна сям’я, і ўсе клапоцяцца адно пра аднаго, пра супольнае дабро. Так і ў грамадстве мы перш за ўсё павінны кіравацца агульным дабром грамадства, а не толькі прасоўваннем свайго іміджу.

Таму ў гэты складаны і нават неспакойны час нашай гісторыі напярэдадні выбараў усім палітычным і грамадскім сілам неабходна перш за ўсё думаць пра агульнае дабро грамадства і нашу супольую будучыню, каб яна будавалася прадусім на ўзаемапавазе і любові да бліжняга, а складаныя пытанні вырашаліся шляхам узаемнага дыялогу»,— падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату”.