Арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў са зваротам пасля вяртання на радзіму
24 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь і адразу ж скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Менску, каб асабіста выказаць падзяку за вяртанне Папу Францішку і яго прадстаўніку ў Беларусі Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу.
Слова ўдзячнасці Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі:
„Якія неспасцігальныя прысуды Бога і нязведаныя шляхі Ягоныя!” (Рым 11, 33)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Гэтыя словы святога апостала Паўла прыходзяць на думку, калі пасля амаль што чатырох месяцаў прымусовай адсутнасці і немагчымасці здзяйсняць пастырскую дзейнасць у Беларусі я нарэшце зноў знаходжуся на радзіме.
Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі, якую ўспрымаю як чарговы досвед Божага Провіду і як свой жыццёвы крыж.
Аднак свет не без добрых людзей. Сёння хачу выказаць глыбокую падзяку ўсім, хто мяне падтрымліваў і маліўся аб хутчэйшым вяртанні ў гэты нялёгкі час выпрабаванняў. А такіх было шмат: знаёмых і незнаёмых, веруючых і няверуючых, проста людзей добрай волі.
Найперш выказваю словы шчырай падзякі Святому Айцу Францішку і Дзяржаўнаму Сакратарыяту Святога Пасаду. Папа і яго бліжэйшыя супрацоўнікі кардынал П’етро Паралін, арцыбіскупы Пол Рычард Галахер і Антоніо Меніні, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і Спецыяльны Пасланнік Пантыфіка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыклалі шмат намаганняў для станоўчага вырашэння праблемы майго вяртання ў Беларусь з Польшчы.
Ад усяго сэрца дзякую беларускім біскупам, асабліва маім дапаможным Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за намаганні і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання.
Удзячны шматлікім Канферэнцыям Каталіцкіх Біскупаў, паасобным духоўным асобам, дзяржаўным і грамадскім дзеячам розных краін свету за іх старанні як мага хутчэй вырашыць праблему, якая ўзнікла.
Не магу не ўзгадаць з удзячнасцю Касцёл у Польшчы, які не толькі маліўся ў маёй інтэнцыі, але і прадставіў месца, дзе я мог прабываць. Гэта найперш парафіі св. Антонія ў Сакулцы і св. брата Альберта ў Моньках Беластоцкай архідыяцэзіі, а таксама парафія Божага Провіду ў Бельску-Падляскім Драгічынскай дыяцэзіі.
З удзячнасцю прымаю рашэнне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам даручанымі маёй пастырскай апецы вернікамі.
Сваё служэнне наступніка апосталаў у Беларусі прысвячаў, прысвячаю і буду прысвячаць духоўнаму адраджэнню і ўмацаванню веры ў маёй Бацькаўшчыне, а таксама кансалідацыі нашага грамадства шляхам мірнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць.
У час, калі мы святкуем Божае Нараджэнне, наш позірк скіраваны ў напрамку Бэтлеема, дзе дваццаць стагоддзяў таму Слова сталася Целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14). Менавіта тады анёльскія хоры спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Езус прынёс мір у наш свет, які знаходзіцца ў супярэчнасцях. Ён і сёння нясе гэты мір праз служэнне Касцёла. Вонкавы супакой немагчымы без духоўнага. Таму неабходна адчыніць дзверы нашых сэрцаў Хрысту, каб Ён сваёю ласкай нарадзіўся ў іх.
Яшчэ раз дзякуючы за малітвы і намаганні дзеля майго паспяховага вяртання на радзіму, віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння і надыходзячым Новым годам. Няхай нашыя сэрцы стануць месцам нараджэння Езуса, каб Ён мог адарыць нас і нашу Бацькаўшчыну Беларусь сваёй ласкай, супакоем і патрэбнымі дарамі.