Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч маліўся са сваімі вернікамі ў Менску
Для нас гэта двайное свята, – так кажуць вернікі, якія прыйшлі ў Архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага імя Дзевы Марыі ў Менску. Вечаровую святочную службу ў ім праводзіць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які напярэдадні вярнуўся ў Беларусь, куды з 31 жніўня беларускія ўлады незаконна забаранялі ўезд.
Як кажа адзін з вернікаў – вельмі рады, што наш арцыбіскуп вярнуўся, хаця шлях дадому быў няпросты:
– Праз церні да зорак. Гэта двайное свята. І Раство, і вяртанне. Я спадзяюся, што гэта будзе садзейнічаць паляпшэнню сітуацыі ў краіне.
– Захапленне! Верылі і ведалі, што ён вернецца. Спадзяваліся, што яго пусцяць.
РР: Як вы расцэньваеце, што яго, грамадзяніна Беларусі, не пускалі?
– Вельмі засмуціла. Маліліся, каб яго пусцілі, бо без кіраўніка царквы вельмі кепска. Бо як жа нам выратавацца?
І магчыма, гэта добры знак, што ў Беларусі ўсё пачне мяняцца да лепшага, – спадзяюцца людзі, якія прыйшлі ў касцёл памаліцца разам з Тадэвушам Кандрусевічам.
25 снежня Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю ўрачыстых святых Імшаў у касцёле св. Сымона і св. Алены. Аб 11.00 пройдзе ўрачыстая св. Імша на беларускай мове.
Прамыя трансляцыі ўрачыстых святых Імшаў можна паглядзець на партале Catholic.by.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: Надзеі Бужан