Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў у абарону Курапатаў
На сайце catholic.by апублікаваны зварот курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сувязі з сітуацыяй у Курапатах:
Яшчэ свежыя ў памяці неабгрунтаваныя пратэсты ў справе будаўніцтва новага касцёла ў Котаўцы, якія з’электрызавалі грамадскасць. Потым узнікла праблема падатку для т.зв. «дармаедаў». За ёй, як снежная лавіна, пачала выходзіць з-пад кантролю і пагражаць экскалацыяй сацыяльнай напружанасці сітуацыя з будаўніцтвам бізнес-цэнтра побач з урочышчам Курапаты, дзе справа даходзіць нават да боек.«Наша Бацькаўшчына — Беларусь — перажывае складаныя часы. Няпростая эканамічная і сацыяльна-палітычная сітуацыя ўзмацнілася новымі выклікамі.
У кожнай праблеме трэба шукаць першасную прычыну.
Чэрпаючы звесткі толькі са сродкаў масавай інфармацыі, вельмі цяжка ацаніць рэальную сітуацыю з распачатым будаўніцтвам бізнес-цэнтра на тэрыторыі, якая да 2014 г. была ахоўнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю: «Месца гібелі ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».
Трэба падкрэсліць, што складаная сітуацыя, якая склалася сёння, ніколі б не ўзнікла, калі б пасля адкрыцця парэшткаў жорстка забітых у Курапатах людзей былі зроблены адпаведныя даследаванні і была канкрэтна абазначана тэрыторыя пахаванняў.
Курапаты — гэта Галгота ХХ стагоддзя нашага народа. На Галгоце стаяў крыж Хрыста, як знак збаўлення і паяднання. Тысячы людзей кожны дзень ідуць туды, каб паразважаць над сваім збаўленнем, паяднацца з Богам і паміж сабой.
Таксама і Курапаты, як наша Галгота, павінны стаць нацыянальным Мемарыяльным комплексам у памяць пра нявінна загінулых, служыць месцам ачышчэння памяці, малітвы і паяднання, а таксама месцам фармацыі маладога пакалення на прынцыпах любові да бліжняга, каб ніколі больш чалавек на падымаў руку адзін на аднаго.
Мы павінны памятаць сваю гісторыю, якой бы складанай яна не была. Не для таго, каб раздзіраць зарубцаваныя раны і пасыпаць іх соллю, а каб захаваць сябе ад падобных няшчасцяў у будучыні і будаваць цывілізацыю жыцця, любові і міру. Могілкі — гэта святое месца, якое неабходна паважаць. На іх мы молімся аб вечным супакоі там пахаваных. Учынім жа ўсё магчымае, каб іх не трывожыць.
Заклікаю прадстаўнікоў улады Менска, Міністэрства культуры, забудоўшчыкаў, мясцовых жыхароў і абаронцаў Курапатаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнанняў і юрыстаў у адкрытым і шчырым дыялогу, а не праз эмоцыі, шукаць прымальнага ўсімі вырашэння ў гэтай ўзніклай і хвалюючай наша грамадства праблеме.
Звяртаюся таксама да дзяржаўнай улады, свету культуры, грамадскіх арганізацый і розных веравызнанняў для сумеснага абмеркавання будучыні урочышча Курапаты.
Няхай Бог благаславіць намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Менск, 25 лютага 2017 г.