Арцыбіскупа Кандрусевіча не прапусцілі на Акрэсціна



Старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліта Менска-Магілёўская арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не прапусцілі ў менскі цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Пра гэта паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Іерарх памаліўся пад сценамі ізалятара, які стаў „сімвалам катаванняў мірных грамадзянаў, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах”. Паведамляецца, што разам з арцыбіскупам Кандрусевічам да гэтага „месца болю і цярпення” прыйшлі супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, хрысціянскага сацыяльнага цэнтра „Дабрачынная місія добрага самараніна” і валанцёры, якія „ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць людзей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі”.

Напярэдадні арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся каля следчага ізалятара № 1 на вуліцы Валадарскага. Нагадаем што 18 жніўня арцыбіскуп звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з просьбай „дазволіць святарам наведваць людзей, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбара”. Ён таксама заклікаў кіраўніка МУС „неадкладна вызваліць затрыманых”.