Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі са шпіталя



Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча выпісалі са шпіталя.

Вярнуўшыся дадому, іерарх праз партал Catholic.by падзякаваў «Богу, лекарам і ўсім, хто за яго моліцца». «Калі з вуснаў лекараў-анколагаў пачуў дыягназ „меланома“, то, усведамляючы сур’ёзнасць хваробы, паўтарыў словы Святога Пісання: „Калі прымаем ад Бога дабро, то чаму не можам прыняць зло?“, бо, можа, прыйшоў час, калі станаўлюся непатрэбным слугой», — напісаў у сваім звароце Кандрусевіч.

Аперацыю па выдаленні пухліны правялі 8 лютага. Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў лекарам за іх прафесіяналізм і ахвярнае служэнне хворым.

Тадэвуш Кандрусевіч узначальваў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў у Беларусі з 2015 года. У 2020-м кіраўнік беларускай Каталіцкай царквы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай гвалту, які чынілі ўлады пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта. Яму амаль 4 месяцы не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Арцыбіскупа пусцілі толькі ў снежні 2020 года.

У студзені 2021-га Тадэвуш Кандрусевіч выйшаў на пенсію.

Беларускае Радыё Рацыя