Арцём Шрайбман: Адбываецца знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў адказ на санкцыі, як і абяцана
14 ліпеня сілавікі праводзяць масавыя ператрусы ў праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый. У тым ліку сілавікі прыйшлі да праваабаронцаў Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча, Віктара Сазонава. Таксама ператрусы праходзяць яшчэ як мінімум у дзесяці офісах недзяржаўных арганізацый. Аналітык Арцём Шрайбман пракаментаваў сітуацыю Zerkalo.io.
Для ўсіх, хто назірае за ўсім, што адбываецца ў Беларусі апошнія месяцы, зачыстка грамадзянскай супольнасці не можа быць сюрпрызам, лічыць Шрайбман.
– Ужо прыходзілі ва ўсе магчымыя СМІ, некаторыя з іх зачыніліся, ў многія НДА прыходзяць па другім разе – Беларускую асацыяцыю журналістаў, напрыклад. Таму не бачу нічога, што выбіваецца з агульных тэндэнцый. Адбываецца знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў адказ на санкцыі, як і абяцана, – тлумачыць Шрайбман.
Аналітык не бачыць прамой сувязі паміж тым, што адбываецца сёння і ўчорашнім візітам Лукашэнкі да Пуціна:
– Рэпрэсіі былі і да візіту ў Расею, і будуць пасля. Лукашэнка не патрэбны дазвол Пуціна, каб знішчаць грамадзянскую супольнасць. Ён робіць гэта сам, па ўласнай волі. Можна нават сказаць у сваё задавальненне, – лічыць эксперт.
Пры гэтым Арцём Шрайбман упэўнены, што казаць пра арышты пакуль рана, бо пасля ператрусаў у рэгіянальных рэдакцыях практычна ўсіх адпусцілі ў той жа дзень.
– Гэта будзе працягвацца або пакуль яны не знішчаць усіх, каго хочуць знішчыць, або пакуль ім не будзе загаду Лукашэнкі спыніцца. Месцаў у турмах хапае, таму, на жаль, будзе поўнае знішчэнне ўсяго, што сістэма лічыць варожым, – кажа аналітык. – Яшчэ адзін варыянт заканчэння рэпрэсій – супраціў грамадзянскай супольнасці. Але яго пакуль у Беларусі ўявіць складана.