Арцёма Касаварава даставілі ў ЦІП на Акрэсціна і будуць судзіць



Затрыманага 22 сакавіка ў Менску актывіста „Моладзi БНФ” Арцёма Касаварава даставілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна і будуць судзіць. Пра гэта паведаміў актывіст „Моладзі БНФ” Юрый Лукашэвіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Як расказаў Лукашэвіч праваабаронцам, чатыры актывісты ішлі па вуліцах Менска і раздавалі ўлёткі-запрашальнікі на святочнае мерапрыемства з нагоды Дня Волі 25 сакавіка. Праходзячы па вуліцы Гарадскі Вал, двое з іх вырашылі сфатаграфавацца каля скульптуры менскага гарадавога (побач з будынкам МУС. — БелаПАН.). Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі.

І хоць актывісты мелі пры сабе копію дазволу на мерапрыемства ад гарвыканкама, міліцыянеры вырашылі затрымаць двух з іх „для гутаркі”, адзначае праваабарончы сайт spring96.org. Паводле слоў Лукашэвіча, іх павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

Пазней высветлілася, што Арцёма Касаварава будуць судзіць, а другога затрыманага з міліцыі адпусцілі — ён непаўналетні.

Мітынг і канцэрт з нагоды 100-годдзя БНР каля сталічнага опернага тэатра 25 сакавіка санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам. Збор удзельнікаў плануецца з 13.00 да 14.00. Пасля святочнага мітынгу адбудзецца канцэрт, які будзе доўжыцца да 19.00.

Менгарвыканкам дазволіў выкарыстоўваць на мерапрыемстве нацыянальную сімволіку.

belapan.by