Артур Міхальскі: На мінулае трэба глядзець у кантэксце таго часу



Пахаванне паўстанцаў 1863-64 гадоў у Вільні на могілках Росы прайдзе 22-га лістапада. Знойдзеныя археолагамі іх парэшткі у 2017 годзе, падчас асядання грунту на віленскай гары Гедзіміна, зноў аднавілі дыскусію пра нацыянальную прыналежнасць паўстанцаў і пра месца іх у нацыянальных гісторыях Беларусі, Літвы і Польшчы.

На пытанне, як трэба ставіцца да падзеяў мінулага гэтых народаў, сваё бачанне выказаў пасол Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі:

– Магчыма ёсць спакуса, ад якой я б засцярог, разглядаць мінулае агістарычна, праз нашыя сучасныя акуляры. Пра мінулае трэба памятаць, але не трэба быць нявольнікам мінулага. Трэба добра ведаць мінулае, але разумець, што мінулае трэба разглядаць у кантэксце таго часу. Можа часам з’яўляецца спакусах паглядзець на мінулае праз сучасныя акуляры, на рэчы, якія былі 300-400 гадоў таму. Але тут заўсёды трэба быць асцярожным.

Беларусы, літоўцы і палякі маюць агульную гісторыю, якая вымяраецца стагоддзямі. Літоўцы і палякі прадстаўляюць зацікаўленасць да агульнай гісторыі асобамі першага шэрагу – прэзідэнтамі краіны. Адсутнасць зацікаўленасці да ўласнай гісторыі некаторых чыноўнікаў Беларусі, не змяншае зацікаўленасці беларускай нацыі да свайго мінулага і шанавання знакаў мінулага, якім будзе пахаванне паўстанцаў на могілках Росы.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя