Арыштаваны былы намеснік дырэктара дэпартамента „Беларусбанка” Максім Халецкі
Былога намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартамента „Беларусбанка” Максіма Халецкага суд арыштаваў на 12 сутак. Як паведамляе „Вясна”, справа 37-гадовага Максіма Халецкага разгледжаная 6 жніўня судом Цэнтральнага раёна Мінска.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 5 жніўня каля 18.00 да яго на вуліцы падышлі міліцыянеры і запрасілі на прафілактычную гутарку. У Цэнтральным РУУС, згодна з пратаколам, затрыманы „адмовіўся прайсці ва ўпраўленне, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.
Сваю віну Халецкі адмаўляў. На судзе ён сказаў, што ў яго не было матыву для непадпарадкавання.
Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма Халецкага вінаватым і пакарала 12-сутачным арыштам.
Раней Халецкі ўжо двойчы адбываў арышт за гэтак званае непадпарадкаванне. У красавіку гэтага года яго звольнілі з пасады намесніка дырэктара дэпартамента „Беларусбанка”.
Беларускае Радыё Рацыя