Па Беларусі прайшла хваля затрыманняў
На працягу 21-22 сакавіка беларускія спецслужбы затрымалі як мінімум 17 чалавек, якіх падазраюць у «навучанні ці іншай падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама фiнансаванні цi iншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці». Пакаранне па гэтым артыкуле — арышт на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. На дадзены момант праваабаронцы з Праваабарончага цэнтру «Вясна» сабралі інфармацыю пра 17 чалавек, датычных да гэтай крымінальнай справы.
Пры затрыманні часам прымянялася фізічная сіла, адбываліся ператрусы па месцы жыхарства. Ёсць інфармацыя аб тым, што некаторыя з затрыманых знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Спіс асобаў дапаўняецца і месцы іх утрымання высвятляюцца:
- Абрамаў Аляксей Анатольевіч, 1979 г.н.
- Афнагель Яўген (меркавана, статус высвятляецца)
- Барсток Сяргей Пятровіч
- Грэк Ілля Генадзьевіч, 1992 г.н.
- Гурын Юрый (у СІЗА КДБ)
- Данілаў Віктар
- Дашкевіч Зміцер (у СІЗА КДБ)
- Дукшт Вячаслаў Аляксандравіч, 1992 г.н.
- Дундукоў Андрэй Вячаслававіч, 1985 г.н.
- Комлік-Ямацін Андрэй
- Лазоўскі Міраслаў Уладзіміравіч, 1973 г.н.
- Леўчанка Арцём (у СІЗА №1)
- Максім С.
- Міхалькоў Ян Мікалаевіч
- Пашкевіч Цімур
- Стрыбульскі Сяргей (меркавана, статус высвятляецца)
- Яўдаха Аляксандр Анатольевіч, 1975 г.н. (у СІЗА КДБ)
* * *
Прапагандысцкія заявы і беспадстаўныя затрыманні не навіна для Беларусі, адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Па Беларусі прайшоў шэраг затрыманняў.
Паводле непацверджанай інфармацыі, спецслужбы затрымалі 10 асоб, падставы затрымання дагэтуль афіцыйна не абвешчаны.
Мяркуецца, што затрыманні могуць быць звязаныя з заявай Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта выкрыццё пад Бабруйскам лагера баевікоў. Раман Якаўлеўскі мяркуе, што рэпрэсіі адбываюцца пры згодзе кіраўніка Беларусі.
– На жаль, гэта звычайная рэакцыя беларускага кіраўніка і яго спецслужб. Але ж якіх спецслужб – гэта можна было б удакладніць. Ёсць меркаванне, што гэтыя службы нібыта ім гуляюць і нібыта крамлёўскія. Я да гэтага стаўлюся стрымана. Бо нам хапае такіх паводзінаў асабістых структур і тут.
Напярэдадні Лукашэнка заявіў пра нібыта выкрыццё і затрыманне дзясяткаў баевікоў са зброяй, якія мелі трэніровачны лагер пад Бабруйскам. Паводле незалежных беларускіх СМІ затрыманыя мелі сувязь з афіцыйна зарэгістраваным бабруйскім патрыятычна-спартовым клубам “Патрыёт”. Дзе знаходзяцца затрыманыя — дагэтуль невядома.
Раман Якаўлеўскі мяркуе, што беларускія ўлады спрабуюць паўтарыць сцэнар 2010 года. Цяпер нельга выключаць новых правакацый і рэпрэсій з боку ўлады, бо дзяржаўны апарат дзейнічае паводле лейкалаў снежня 2010 года, адзначае беларускі палітычны аглядальнік.
– Спадар Макей адкрыта казаў пра сховішча арматуры, спецабмундзіравання, зброі апазіцыі. Нічога новага няма, але ўсё гэта небяспечна. Усе мы ведаем, што падзеі 2010 года закончыліся масавымі рэпрэсіямі. Сённяшняя сітуацыя адрозніваецца тым, што тады не было такіх адносін паміж Пуціным і Лукашэнкам.
Пры гвалтоўных дзеяннях уладаў у час святкавання Дня Волі і далейшым працягу рэпрэсій Еўразвяз будзе вымушаны жорстка рэагаваць на дзеянні Менску. Усё гэта можа павялічыць небяспеку страты незалежнасці Беларусі, адзначае Раман Якаўлеўскі.
* * *
Увечары 21 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя супрацоўнік выдавецтва „Кнігазбор” Міраслаў Лазоўскі і яго сябар Андрэй Дундукоў, якія раней былі актывістамі цяпер не існай маладзёжнай патрыятычнай арганізацыі „Белы легіён”.
Пакуль невядома, дзе змешчаныя і па якіх прычынах затрыманыя Андрэй Дундукоў і Міраслаў Лазоўскі. Кажа сяброўка Міраслава Лазоўскага Ніна Шыдлоўская:
– Абодвух – Андрэя Дундукова і Міраслава Лазоўскага – чакаюць у СІЗА КДБ. Пакуль нічога канкрэтнага не ведаю. Я зараз заключаю дамовы з адвакатамі.
Яны былі затрыманыя мінулай ноччу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнераваліся ў лагерах са зброяй».
Алесь Яўдаха, які быў схоплены людзьмі ў цывільным на вуліцы, нібыта абвінавачаны ў «падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках». У чым абвінавачваюць Міраслава Лазоўскага, дакладна таксама невядома. Але да затрымання ён паведамляў, што ягоны профіль на Facebook быў узламаны, невядомая асоба ад яго імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 сакавіка.
Нявыключана, што затрыманыя знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ. Але ў КДБ Беларусі не даюць інфармацыі пра гэта.
* * *
Пра затрыманне ў Менску Лазоўскага БелаПАН паведаміла яго сяброўка, грамадска-культурная актывістка Ніна Шыдлоўская. Яна сказала, што прыблізна ў 20.00 яго, моцна збітага, прывялі дадому людзі ў цывільным адзенні з маскамі на тварах. У доме правялі вобыск. Паводле інфармацыі сяброўкі затрыманага, яго „моцна білі па твары, у яго пабітая патыліца, якія пашкоджанні пад адзеннем — ніхто не ведае”.
„Вобыск доўжыўся дзве гадзіны, ніякіх папер не пакідалі, — сказала яна. — Яго нявеста спытала ў гэтых людзей, ці звязана гэта з той фэйкавай улёткай [з заклікам да актыўнага супрацьстаяння з уладамі на Дзень Волі], якую распаўсюдзілі ў сацсетках нібыта ад імя „Белага легіёну”. Яны пацвердзілі, што звязана”.
Пасля вобыску невядомыя павезлі Лазоўскага. Дзе ён знаходзіцца цяпер, сябры і сваякі не ведаюць. „Мы зараз займаемся адвакатам, каб дапамагчы яго адшукаць, таму што ні ў адным РУУС, як кажуць, яго няма. На Акрэсціна (мінскі цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.) яго таксама няма”, — сказала Шыдлоўская.
Пра затрыманне яшчэ аднаго былога актывіста „Белага легіёну” Андрэя Дундукова Шыдлоўская даведалася, калі тэлефанавала людзям у пошуках Лазоўскага. „Яго забралі пасля восьмай гадзіны вечара. Я шукала Міраслава, абзвоньвала людзей, а ў Андрэя ў гэты час ужо быў адключаны тэлефон, яго жонка Аня трубку не здымала. Як потым высветлілася, як раз у гэты час яго бралі. Яны з жонкай і маленькім дзіцем ехалі на адпачынак, як я зразумела, ва Украіну, хацелі адпачыць у гарах. Машыну спынілі на мяжы, Андрэя забралі. Аня з дзіцем здолелі вярнуцца ў Мінск толькі блізу шостай гадзіны раніцы”, — сказала Шыдлоўская.
Як паведамлялася раней, пасля цырымоніі ўручэння прэмій „Дэбют” Беларускага ПЭН-цэнтра вечарам 21 сакавіка на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску невядомыя затрымалі распаўсюджвальніка беларускамоўных кніг Алеся Яўдаху. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, яго затрымалі паводле падазрэння ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Праваахоўныя органы пакуль не каментуюць гэтыя затрыманні.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя