Арыштаваны ў Бабруйску актывіст Яўген Васьковіч абвясціў галадоўку
Арыштаваны пасля «Маршу недармаедаў» у Бабруйску актывіст Яўген Глаголеў-Васьковіч пратэстуе супраць умоў утрымання.
Як паведамлялася, 12 сакавіка ў райцэнтры прайшоў мітынг супраць дэкрэта „аб дармаедах”, у якім узяло ўдзел прыблізна тысяча чалавек. На наступны дзень былі затрыманыя некалькі актывістаў, у тым ліку Яўген Глаголеў-Васьковіч. 14 сакавіка суд арыштаваў яго на 15 сутак паводле абвінавачання ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту.
Пра тое, што Глаголеў-Васьковіч абвясціў галадоўку, 16 сакавіка даведаліся яго родныя. „Ён абвясціў галадоўку супраць умоў утрымання, учора заяву бачыла, — паведаміла БелаПАН жонка затрыманага Александрына Глаголева-Васьковіч. — Ён заяўляў пра нездавальняльныя ўмовы на судзе, але суддзя гэта праігнаравала. Я так разумею, што ён трапіў у тую ж камеру, дзе брудна і пыльна, а ў яго алергія на пыл. Пры гэтым начальнік ІЧУ рукамі разводзіць: „Як так? У нас тут ледзь не санаторныя ўмовы”.
Паводле слоў жонкі актывіста, быў момант, калі супрацоўнікі ІЧУ не хацелі браць перадачу, патрабуючы аплаты раней дадзенай арыштаванаму ежы. „Запатрабавалі аплату за трое сутак, калі ежу замаўлялі. Хоць такое яны не маюць права нават казаць, таму што аплата праводзіцца на працягу 30 дзён пасля адбыцця арышту. Цяпер ён абвясціў галадоўку, і яны ежу не замаўляюць”, — сказала Глаголева-Васьковіч.
Нягледзячы на абвяшчэнне актывістам галадоўкі, сваякі перадаюць яму ваду і ежу ў надзеі, што ён усё ж такі паесць.
БелаПАН