Арыштаваных наваполацкіх медыкаў перавялі ў СІЗА Віцебска



Папярэдне паведамляюць, што гаворка нібыта не ідзе пра ўзбуджэнне крымінальных спраў. Як паведаміла @pozirkonline крыніца, якая пажадала застацца неназванай, такія пераводы практыкуюцца, бо «ўмовы ўтрымання ў Віцебску нашмат горшыя».

Раней з’явілася інфармацыя, што хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў арыштаваныя на 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі.

Загадчыца аддзяленьня гінекалогіі Ірына Васільева і фельчар хуткай дапамогі Наталля Первененак арыштаваныя на 10 сутак за «несанкцыяваны пікет». Вядома, што апошнюю судзілі за ўкраінскі сцяг на аватары ў сацсетцы. У Васільевай маці — інвалід першай групы, якая патрабуе догляду. Спецыяліст УГД Ала Стальмакова, у якой двое дзяцей, аштрафаваная на 100 базавых велічынь (3.700 рублёў).

Ініцыятыва «Белыя халаты» паведамляла пра арышт на 15 сутак медсястры Святланы Грыгаровіч. Артыкул не паведамляўся.

Затрыманні медработнікаў адбыліся пасля ўцечкі са шпіталю інфармацыі пра экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыку, які быў дастаўлены з калоніі ў цяжкім стане і быў змешчаны ў аперацыйную. З 28 красавіка невядома, дзе ён.