Арыштаваныя двое з трох падазраваных у забойстве Шарамета
Двое з трох падазраваных у забойстве Паўла Шарамета — 48-гадовы Андрэй Антоненка і 40-гадовая Юлія Кузьменка — рашэннем Пячэрскага раённага суда Кіева арыштаваныя да 8 лютага 2020 года. 26-гадовая Яна Дугар адпраўлена пад хатні арышт. Пасяджэнні аб вызначэнні фігурантам меры стрымання праходзілі ў адкрытым рэжыме.
Паводле версіі Нацыянальнай паліцыі, якое вядзе расследаванне забойства, сяржант сіл спецыяльных аперацый, музыкант групы Riffmaster (адначасова яго мянушка) Антоненка „з ліку валанцёраў і асоб, якія прайшлі ваенную падрыхтоўку ў складзе добраахвотных батальёнаў і якія маюць навыкі абыходжання з агнястрэльнай зброяй і выбуховымі рэчывамі, вырашыў стварыць арганізаваную групу, каб у яе складзе ўчыніць забойства журналіста і радыёвядучага Шарамета Паўла Рыгоравіча, які пражываў у будынку, размешчаным у г. Кіеве па вул. І.Франка, 12”.
Антоненка прыцягнуў у групу Юлію Кузьменка па мянушцы „Ліса” (валанцёр, дзіцячы хірург), Яну Дугарь (ваеннаслужачая па кантракце, медсястра) „і не ўстаноўленых дасудовым расследаваннем асоб, якія мелі аналагічныя з ім погляды і намеры, каб прыцягнуць увагу грамадства да нацыянал-радыкальных ідэй, якія, на іх думку, змогуць змяніць жыццё грамадства”.
На думку следства, Антоненка разам з нявызначанымі асобамі вырабіў выбуховае прыстасаванне, Кузьменка прымацавала яго да дна аўтамабіля, на якім перамяшчаўся Шарамет, а Дугар вяла разведку напярэдадні злачынства.
Фігуранты справы былі затрыманыя 12 снежня. Як паведаміў вечарам 13 снежня міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у праграме „Свабода слова” на тэлеканале „Украіна”, перад вобыскам у сябе дома Антоненка з дапамогай смс-паведамлення папрасіў брата жонкі вынесці „зялёную штуку”. У выніку вобыскаў „зялёная штука” была знойдзена ў адной з кватэр. Гэта была напаўразабраная міна МОН-50 — такая ж выкарыстоўвалася пры вырабе выбуховага прыстасавання для забойства Шарамета.
Паводле слоў Авакава, следства лічыць, што бомбу дыстанцыйна прывяла ў дзеянне жанчына, якая пакуль не ўстаноўлена.
Ён таксама паведаміў, што яшчэ адзін фігурант, ветэран баявых дзеянняў на Данбасе Іван Вакуленка („Пісталет”), раней скончыў з жыццём, атрымаўшы павестку ў міліцыю па справе Шарамета.
„Гэта злачынства не раскрытае, мы знаходзімся толькі ў першай фазе, калі мы бачым людзей, якія падазраюцца ў датычнасці да выканання злачынства. І гэта яшчэ не вечар”, — заявіў Авакаў.
„Я міністр унутраных спраў, я грамадзянская асоба. Я па-ранейшаму сумняваюся, ці ўсе факты, ці дастаткова гэтага. Але ці магу я, ці можа следства, ці могуць паліцэйскія, маючы такія факты на руках, не вылучаць падазрэнні гэтым персонам? Не , не можам. І падазрэнне было вылучана”, — сказаў кіраўнік МУС.
Вядомы беларускі журналіст, выканаўчы дырэктар „Украінскай праўды”, вядучы радыёстанцыі „Вести” Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева. Паводле слоў кіраўніцтва МУС і Нацыянальнай паліцыі, цяпер асноўнай версіяй матыву забойства з’яўляецца спроба дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне.