У Менску арышты і ператрусы ў антыфашыстаў



Вядома, што ў ізалятары на Акрэсціна на дадзены момант знаходзіцца Ілля Валавік (на фота) і яшчэ адзін хлопец, які просіць не называць свайго імя.

valavik2306-w8r73

Жонка Валавіка Алена паведаміла, што да іх у кватэру супрацоўнікі ГУБАЗіК разам СОБРам уварваліся а 7:20 раніцы. «Мы яшчэ спалі, — кажа Алена. – Людзі былі ў касках, з аўтаматамі».

Ператрус звязаны з крымінальнай справай, якая заведзеная амаль 2 гады таму.

29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе. Алёна кажа, што яе мужа і многіх знаёмых ужо дапытвалі раней па гэтай справе. Але цяпер яе вырашылі зноў аднавіць. Справа заведзеная па артыкуле 339 «Хуліганства».

У кватэры Валавіка забралі камп’ютары, друкаваную прадукцыю, налепкі, таксама забралі ўсё адзенне.

Алена цяпер цяжарная. Пасля ператрусу яе забралі ў бальніцу з падазрэннем на выкідыш. Бліжэйшы тыдзень яна правядзе ў шпіталі.

Ілля Валавік працаваў трэнерам. Ён чэмпіён Беларусі па лаў-кіку за 2010 год у вагавай катэгорыі да 66 кілаграмаў. Удзельнічаў у антыфашысцкім руху, быў заўзятарам футбольнага клуба «Партызан». Валавіка некалькі разоў палітычна матывавана прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Напрыклад, яго пасадзілі на суткі перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску.

Таксама стала вядома, што па гэтай самай крымінальнай справе ператрусы і канфіскацыі прайшлі яшчэ як мінімум у 20 кватэрах. Першапачаткова былі затрыманыя 4 чалавекі, але двух адпусцілі на волю. Другі затрыманы пакуль не хоча, каб афішавалася яго імя.

Трое сутак ад моманту затрымання сканчваюцца раніцай у пятніцу. Далей будзе бачна, ці тэрмін знаходжання пад вартай будзе працягнуты, ці іх адпусцяць.

nn.by