Асабісты дагляд на мяжы
Эканамічны эксперт Беларускага Радыё Рацыя выясніў, што сабой прадстаўляе працэдура асабістага дагляду на мяжы, у якіх абставінах і на якой падставе можа быць праведзеная.
Асабісты агляд на мяжы – гэта найменш прыемная частка мытнага дагляду. Часцей за ўсё ён праводзіцца з нагоды мытнай праверкі аўтамабіля. Але не толькі ў такім выпадку. Вельмі часта мытнікі могуць запрасіць падарожнікаў да іхняга службовага памяшкання на дагляд, пакуль ідзе папярэдняя праверка транспартнага сродку. Гэта самая хуткая і простая форма кантролю. Чаму? Бо падарожнікі даволі часта апранаюцца нетыпова (не ў адпаведнасці з умовамі надвор’я), а гэта звязана з тым, што нелегальныя тавары часцей за ўсё яны хаваюць на сабе. На першы погляд, усё ў парадку. Але хутка можа аказацца, што пад верхняй вопраткай ёсць цыгарэты. Мытнікі выдатна разумеюць, што гэтая форма ўтойвання тавару вельмі папулярная.
У ходзе асабістага дагляду або мытнага кантролю аўтамабіля перакладчык непатрэбны. Большасць супрацоўнікаў памежных службаў дасканала ведае рускую мову. Таму няма праблемы ў тым, каб дамовіцца.
Варта ведаць, якія правы мае падарожнік:
1) асабісты кантроль мусіць праходзіць ў адмыслова вызначаным для гэтага месцы. Спецыяльна адведзеныя для гэтай мэты месцы пазначаны і знаходзяцца побач з залай дэталёвага кантролю, якая папулярная сярод беларусаў як „яма”;
2) мытнікі не могуць праводзіць асабісты дагляд ні ў службовых памяшканнях, дзе адбываецца мытнае афармленне, ні ў памяшканнях, якія прызначаны для ўжывання ежы. Такія патрабаванні, як правіла, парушаюцца супрацоўнікамі памежных службаў. Таму падарожнікі не павінны пагаджацца на гэта;
3) мытнікі не могуць праводзіць вобшук дзяцей ва ўзросце да 17 гадоў;
4) ёсць правіла, што жанчына мусіць праводзіць асабісты дагляд жанчын, а мужчына – мужчын;
5) падарожнік можа запатрабаваць, каб у час праверкі прысутнічаў які-небудзь сведка;
6) падарожнік можа запатрабаваць выдачы пасведчання пра праведзены асабісты дагляд (дакумент).
ПАМЯТАЙЦЕ: Пасля кожнага разу, калі падарожнік праходзіць мытны дагляд аўтамабіля ці асабісты дагляд, яму мусяць выдаць дакумент, які пацвярджаў бы факт такой праверкі. І хоць наша просьба можа крыху збянтэжыць супрацоўнікаў памежных службаў, усё ж варта збіраць такія дакументы, бо яны яшчэ могуць спатрэбіцца. Таму не трэба звяртаць увагі на здзіўленне асоб, якія праводзілі кантроль, а проста патрабаваць адпаведных дакументаў.
Такі дакумент мае фармат А4. На ім мусяць быць персанальныя дадзеныя падарожніка з пашпарта, нумар аўтамабіля, вынік праведзенага дагляду (пазітыўны ці негатыўны), а таксама пячатка і подпіс супрацоўніка памежных службаў (мытніка альбо памежніка).
Дакумент складаецца на польскай мове, але, калі падарожнік хоча крыху пазмагацца і мае на тое час, можна запатрабаваць, каб такі дакумент быў складзены на зразумелай яму мове.
Беларускае Радыё Рацыя