Асабісты «рэкорд» суддзі Наталлі Карабліной: 65 сутак арышту за адзін працоўны дзень
Валанцеры прааналізавалі працу суда Першамайскага раёна Віцебска і высветлілі, што суддзя Наталля Карабліна толькі за адзін дзень 26 чэрвеня асудзіла 5 чалавек па палітычных адміністрацыйных справах.
Усіх прызнала вінаватымі і пастанавіла накіраваць пад арышт на тэрміны ад 10 да 15 сутак. Агулам атрымалася 65 сутак зняволення, прычым паводле «гендэрнага падыходу» суддзя накіроўвала за краты мужчын на 15 сутак, а жанчын – на 10.
Наталля Карабліна судзіць людзей па палітычных адміністрацыйных артыкулах ужо не першы год, і падобныя справы ёй давяралі яшчэ да пратэстных падзеяў 2020-га. З часоў мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі жанчына вынесла некалькі карных прысудаў і па палітычных крымінальных справах: па арт. 341 КК (Апаганьванне зудаванняў і псаванне маёмасці), арт. 364 КК (Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Па гэтых артыкулах яна прысудзіла жыхарам Віцебска агулам 12 гадоў пазбаўлення волі.