Асамблея НДА заклікала ўлады спыніць рэпрэсіі і націск на грамадзянскую супольнасць
Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый (НДА) Беларусі заклікае ўлады спыніць рэпрэсіі і націск на грамадзянскую супольнасць. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай 26 чэрвеня на сайце асамблеі.
У дакуменце адзначана, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у краіне былі ўведзеныя „новыя абмежаванні грамадзянскіх правоў і свабод”, адбываецца „эскалацыя рэпрэсій”, вядзецца „злоўжыванне сродкамі крымінальнага пераследу дзеля барацьбы з палітычнымі апанентамі”.
Аўтары заявы нагадалі, што ў красавіку з`явіліся дадатковыя абмежаванні свабоды сходаў, у прыватнасці цяпер „падача заявак па дазвол на правядзенне сходаў патрабуе папярэдняга ўзгаднення з МУС з заключэннем абавязковага кантракта на непрапарцыйна вялікую аплату паслуг па ахове правапарадку”.
„Варожым для грамадзянскай супольнасці крокам сталася прыняцце дэкрэта № 3 „Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, — лічаць у Асамблеі НДА. — Гэты акт дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаванні доступу недзяржаўных арганізацый да замежнага фінансавання: скараціў пералік мэтаў, на якія можа быць атрыманая дапамога, а таксама ўвёў грашовы збор у памеры 0,5% сумы замежнай дапамогі за яе рэгістрацыю, якая з`яўляецца абавязковай. Пагаршэнне рэгулявання замежнай дапамогі азначае яе „адзяржаўленне” і пераход ад кантролю за размеркаваннем замежных сродкаў да наўпроставага перанакіравання іх у бюджэт дзяржаўных арганізацый і лаяльных уладам калядзяржаўных структур”.
У маі, адзначана ў заяве, для грамадскіх аб`яднанняў і фондаў была ўведзеная абавязковая справаздачнасць аб мерах супраць адмывання грошай, „што ёсць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў”.
„Ударам па грамадзянскай супольнасці” ў Асамблеі НДА назвалі спыненне аперацый на папулярных краўдфандынгавых платформах MolaMola і Ulej, якія „ў неспрыяльных прававых умовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасці з унутраных крыніц, у тым ліку для пераадолення наступстваў пандэміі каранавіруснай інфекцыі”.
Прадстаўнікі асамблеі нагадалі, што ад пачатку выбарчай кампаніі „зафіксаваныя шматлікія ператрусы, сотні адвольных арыштаў удзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў і мірных акцый пратэсту, сябраў ініцыятыўных груп, журналістаў і праваабаронцаў”. Улады, падкрэслілі яны, „ужо напачатку кампаніі мэтанакіравана б`юць па ўдзельніках сістэмы незалежнага назірання за выбарамі”.
„Абурэнне выклікаюць крымінальныя справы супраць асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты, — адзначана ў дакуменце. — Праз адвольны арышт быў пазбаўлены магчымасці выставіць сваю кандыдатуру папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі, а падазрэнні ў датычнасці да эканамічных злачынстваў, прад`яўленыя былому менеджару банка Віктару Бабарыку, выклікаюць сур`ёзныя сумневы і маюць прыкметы палітычна матываванай помсты за намер вылучацца на выбарах”.
Падзеі першых тыдняў выбарчай кампаніі, на думку прадстаўнікоў Асамблеі НДА, „сведчаць пра намер улады правесці выбары ў атмасферы застрашэння насельніцтва і задушэння любых праяў непадкантрольнай грамадзянскай актыўнасці”. Яны ўпэўненыя, што „далейшы рух па шляху рэпрэсій перакрэсліць ранейшыя дасягненні па наладжванні ўнутрыбеларускага дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю”.
З улікам гэтага рабочая група Асамблеі НДА перасцерагае ўлады ад „увядзення новых абмежаванняў супраць грамадзянскай супольнасці”, у тым ліку „ў сферы свабоды сходаў, свабоды слова і права на доступ да інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, а таксама ў сферы свабоды асацыяцый і доступу НДА да грашовых рэсурсаў як з унутраных, так і з замежных крыніц”.
Асамблея пратэстуе супраць эскалацыі рэпрэсій, накіраваных на грамадскіх і палітычных актывістаў, журналістаў, назіральнікаў ды іншых удзельнікаў выбарчага працэсу, а таксама заклікае ўлады да „неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення адвольных арыштаў, выкарыстання гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, злоўжывання крымінальным пераследам як сродкам барацьбы з палітычнымі апанентамі”.
„Рабочая група Асамблеі НДА звяртаецца да краін Еўрасаюза і ЗША з прапановай абумоўліваць узаемадзеянне з уладамі Беларусі стаўленнем апошніх да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку вымагаючы неўжывання гвалту супраць НДА, грамадзянскіх актывістаў і палітычных апанентаў у якасці ўмовы для працягу міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з урадам Беларусі”, — адзначана ў заяве.
Асамблея НДА — заснаванае ў 1997 годзе аб`яднанне, сябрамі якога сёння з`яўляюцца больш за 300 зарэгістраваных і незарэгістраваных няўрадавых дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў Беларусі. Сама Асамблея НДА з 2011 года зарэгістраваная ў Літве, паколькі Міністэрства юстыцыі Беларусі тройчы адмаўлялася яе рэгістраваць.
belapan.by